Стала вядомая праграма анлайн-святкаванне Дня Волі

Каманда БНР100 ладзіць вялікае анлайн-мерапрыемства, каб адсвяткаваць Дзень Волі разам з роднымі, сябрамі і блізкімі. Для гэтага запланаваная трансляцыя на YouTube-канале «Годна» — усё пачнецца а 19:00 па Мінску. Ужо зараз можна зайсці на ютуб і паставіць сабе нагадванне, каб не прапусціць.

Анлайн-святкаванне будзе складацца з двух блокаў: музычны і інфармацыйны. Арганізатары назвалі гурты, якія будуць выступаць. Гэта вядомыя беларускія гурты розных стыляў, якія рэдка можна ўбачыць на адной сцэне: 

– J:МОРС
– NAVIBAND
– DLINA VOLNY
– DZIECIUKI
– NOCHY
– VOLSKI

Весці анлайн-мерапрыемства будуць Ліза Ветрава — прадстаўніца каманды «Годна», папулярная беларуская блогерка і Дзяніс Дудзінскі — тэлевядоўца і шоўмен. 

Разам з гасцямі ды музыкамі яны створаць для нас сапраўды ўрачысты і святочны вечар, дзе кожны і кожная змогуць бяспечна прыняць удзел, задаць пытанні ды павіншаваць са святам.

Арганізатары заклікаюць і вас пачаць рыхтавацца да 25 сакавіка.

Як?

Уявіце, што гэты дзень — як Дзень народзінаў нашай Радзімы, Беларусі, толькі ёй, вядома, не 100 гадоў, а значна больш. Збірайце сяброў і блізкіх за святочным сталом, сустракайцеся разам у файнай кампаніі ды ўключайце эфір, які дазволіць вам правесці вечар у коле беларусаў і беларусак пад прыемную музыку ды цікавыя размовы.

Уся асноўная інфармацыя — па хэштэгу #БНР106 і на сайце BNR106.info.

Падтрымаць збор на арганізацыю святкавання можна тут. Сродкі пойдуць на арэнду тэхнічнага абсталявання, пляцоўкі, працу тэхнічнай каманды ды арганізацыю выступаў.

Давайце адзначым разам!

budzma.org