Год таму на платформе VODBLISK ўпершыню прадэманстравалі беларускі фільм. Год, як сваім існаваннем VODBLISK наглядна даказвае, што беларускае кіно існуе, і яно разнастайнае і класнае! Беларускае кіно бывае як дакументальным, так і ігравым. Яго здымаюць і рэжысёры, і рэжысёркі. Сярод беларускіх фільмаў ёсць як драмы, гэтак і камедыі, і нават крымінальныя фільмы. Наша кіно паднімае абсалютна розныя тэмы: палітыка, сэкс, каханне, творчасць, узаемадзеянне чалавека і прыроды, булінг у школе, дыскрымінацыя ЛГБТ+, правы жанчын, адрозненні культур, мары, — пералічваць можна бясконца.
Цягам гэтага года незалежныя стужкі беларускіх рэжысёраў і рэжысёрак з’яўляліся ў медыятэцы штомесяц. Сёння для прагляду даступныя ажно 20 фільмаў! Успамінаем, якія фільмы з’явіліся на платформе VODBLISK у першы год існавання.
«Мая бабуля з Марса» — кранальная дакументальная гісторыя бабулі рэжысёра Аляксандра Міхалковіча, якая пасля выхаду на пенсію пераехала ў Крым, а ён неўзабаве аказаўся акупаваным Расіяй і ператварыўся ў «далёкую планету», накшталт Марса.
«Межы» — аўтарскае, вельмі арыгінальнае па форме паэтычнае кінаэсэ на тэму пошукаў сваёй і чужой, асабістай і мастацкай ідэнтычнасці ў зменлівым свеце.
«Крышталь» — іранічная камедыя аб сутыкненні культур, дзякуючы якой у Беларусі ўпершыню за дваццаць гадоў збіраўся Оскараўскі камітэт.
«Сапраўдная амерыканка» — фільм, за які Дар’я Жук атрымала прыз за найлепшую рэжысуру ад New York Women in Film and Television, расказвае гісторыю студэнткі з постсавецкай прасторы Алі, якая прыехала па абмене ў Амерыку і спрабуе зразумець адрозненні культур, упісацца і быць сапраўднай амерыканкай.
«Хапай турыстаў» — яркі кароткаметражны фільм пра вандроўніка, які выпадкова трапляе ў пастку любоўнага трыкутніка.
«Паветра ўнутры яе» — самая першая кароткаметражная праца Дар’і Жук пра шасцігадовую Кацю, што спрабуе даследаваць смерць і жыццё.
«II» — сучасная ігравая драма пра беларускіх падлеткаў, якая ўздымае важныя сацыяльныя пытанні: булінг у школе, дыскрымінацыя ЛГБТ+, сэкс і недахоп сэксуальнай адукацыі.
«Возера радасці» — цалкам беларускамоўны фільм, зняты паводле аднайменнага рамана вядомага беларускага пісьменніка Віктара Марціновіча, і расказвае гісторыю дзевяцігадовай дзяўчынкі Ясі, якая вырашае збегчы з дзіцячага інтэрната, каб вярнуцца дадому.
«To Ruth» — кароткаметражная гісторыя безнадзейнага «кіберкахання» створаная па матывах рэальнага ананімнага блога сталкера, які пераследаваў улюбёную youtube-блогерку.
«Беларускі псіхапат» — вольны перанос на беларускую глебу маніфеста амерыканскага масавага стралка Эліята Роджэра: у фільме — дача, псіхапат і тры малазнаёмыя дзяўчыны.
«Забойства на Алібегава» — ігравы крымінальны фільм на аснове рэальных падзей, змантаваны з сабраных разам тыктокаў пра жыццё поліаморнага трыа: Эвеліны, Мікіты і Лёшы.
«Агульная мова» — смелы і шчыры дакументальны фільм з некранутымі дыялогамі і непадрыхтаванымі акцёрамі ў асобе бацькоў рэжысёркі Волі Чайкоўскай.
«Дачка» — аўтарскае выказванне рэжысёркі Мары Тамковіч на тэму бацькоўства і правоў жанчын.
«Баба, Ваня і каза» — стужка адлюстроўвае жыццё ў вёсцы з крытычным рэалізмам, расказваючы гісторыю бабулі Сімы, якая хвалюецца за будучыню сына з алкагольнай залежнасцю і спрабуе змагацца са сваёй суседкай Глашай, якая варыць і прадае самагон у вёсцы.
«Пасха Хрыстова» — гэта пераважна чорна-белае назіранне за вернікамі ў Вялікдзень, калі яны немінуча сцякаюцца ў царкву, на фоне недабудаванага жылога комплексу раскладваюць прынесеную з сабой ежу і абмяркоўваюць надзённае.
«Саламанка» — дакументальны 40-хвілінны фільм небывалай прыгажосці апісвае побыт мексіканскага горада, дзе час нібы замер 200 гадоў таму — з надыходам менанітаў, прыхільнікаў аднаго з самых строгіх напрамкаў пратэстантызму, чый уклад жыцця ў абшчыне не мяняецца стагоддзямі.
«Хронікі ртуці» — ўнікальны фільм, непадобны на многае з таго, што вы бачылі, які расказвае пра штодзённае жыццё былой скрыпачкі і таленавітай пісьменніцы Кейт Вудс, яе брата Кэмпа і іх сябра Томі сярод руін закінутага каліфарнійскага шахцёрскага пасёлка, дзе раней здабывалі ртуць.
«Summa» — сузіральная стужка пра двух мастакоў і іх сяброўства, у фільме не шмат дынамікі, але шмат часу, каб разгледзець дэталі з жыцця на польскім хутары, і разам з тым, падумаць на вечную экзістэнцыйную тэму жыцця і смерці.
«Чыстае мастацтва» — партрэт Мінска ўзору канца 2010-х гадоў, які паказвае праз прызму сучаснага мастацтва і мастака Захара Кудзіна, як дзяржава цэнзуруе розныя праявы свабоды людзей, а пачынае з таго, што яны бачаць вакол сябе на вуліцах горада.
«Чатыры колы далей ад цэнтра» — стужка аб моцнай жанчыне і загадкавай мінскай мастачцы Марыне Капілавай, а таксам пра свабоду ў свеце, які ты для сябе ствараеш сам.
З нагоды свайго дня народзінаў VODBLISK абвясціў разыгранку для тых, хто жыве па-за межамі Беларусі і павінен плаціць 5$ за прагляд стужкі. Разыграюць 3 пакеты, дзякуючы якім вы зможаце задарма паглядзець лепшыя беларускія фільмы.
У першы пакет «Ізі-пізі» уваходзяць тры фільмы: «Мая бабуля з Марса», «Возера Радасці», «Чыстае мастацтва». У пакеце «Прасунуты» ўжо 6 фільмаў, да трох стужак з папярэдняга пакета дадаюцца «II», «Саламанка», «Агульная мова». Пакет «Люкс» складаецца з 9 фільмаў, ён для тых, у каго сур’ёзны намер развітацца са статусам «усё складана» ў адносінах з беларускім кіно. Апроч папярэдніх фільмаў у яго ўваходзяць «Дачка», «Беларускі псіхапат», «Summa».
Разыгранка працягнецца да 21 сакавіка, пасля чаго выпадковым чынам абяруць пераможцаў. Усе падрабязнасці ўдзелу ў розыгрышы ёсць на старонцы Instagram праекта.
Але на гэтым не ўсё! Для ўсіх жадаючых да 30 красавіка будзе дзейнічаць спецыяльная прапанова са скідкамі на усе 3 пакеты фільмаў. Доступ да прагляду фільмаў пакета «Ізі-пізі» можна будзе набыць за 9,99$. Фільмы з пакета «Прасунуты» будуць даступныя за 14,99$, замест 30$. Пакет «Люкс» каштуе 19,99$, набыўшы яго вы зможаце паглядзець 9 унікальных стужак беларускіх аўтараў і аўтарак і пры гэтым зэканоміць 61,01$.
Калі вам падабаецца, што робіць каманда кінафестывалю «Паўночнае ззянне» і анлайн-кінатэатра беларускага кіно VODBLISK, вы можаце падтрымаць іх данатам.
паводле прэс-рэліза