«Шэкспіраўскае «быць»: фестываль «Нефільтраванае кіно» анансаваў сваю дзясятую эдыцыю. Першыя кінапаказы адбудуцца ў Берліне

Кадр з фільма “Пясчынка ў Сусвеце” з праграмы фестываля “Нефільтраванае кіно” “Словы, цішыня і пясок”. Фота: imdb.com

Адзін з найтрывалейшых беларускіх незалежных афлайн-кінафестываляў абвясціў даты паказаў і месца правядзення. Праграмы новага — дзясятага — кінафоруму «Нефільтраванае кіно», які канцэптуальна прапануе гледачам дыканструяваць фетыш «вялікага кіно», сёлета будуць паказаны ў трох гарадах. І першы прыпынак «Няфільтра» — Берлін.

Кіраўнік форуму падзяліўся з Reform.by, што сёлета ён вырашыў адысці ад падзелу на традыцыйныя праграмы анімацыйнага, дакументальнага і ігравога кіно, і паспрабаваць «пагуляць на полі метакіно, стварыць новыя наратывы праз існуючыя».

Так, праграма фэсту будзе ўключаць 12 кінаблокаў, кожны з якіх праз кіно будзе даследаваць розныя тэмы.

«Напрыклад, праграма «Нефільтраваныя дыстопіі» выспявала шмат гадоў, — распавёў праз адну з падборак праграмы дырэктар. — Так атрымалася, што наш фестываль апынуўся на скрыжаванні дзвюх дыстапій, дзвюх сістэм, розных відовішчаў. Ні ў адной з іх мы існуем адначасова, і адначасова там нам няма месца. Гэтая праграма фільмаў будуецца як пераход ад аднаго нібыта абсалютнага сацыяльна-палітычнага ладу да іншага. Фінал застаецца адкрытым. Са слоў Фрэдрыка Джэймсана або Славоя Жыжэка: «Лягчэй уявіць сабе канец свету, чым канец капіталізму…».

У эксперыментальнай праграме «Кот Шродзінгера» гледачу прапануюць паразважаць над межамі кантролю — куды можа, а куды не зазірнуць камера. Падборка Art & Neur даследуе ўплыў штучнага інтэлекту на гісторыю сучаснага візуальнага мастацтва і незалежнае кіно.

«Шэкспіраўскае «быць» пранізвае кожны фільм у метаапавяданні «Словы, цішыня і пясок». Звыклы свет разбураны. Словы губляюцца. Маўчанне сусвету становіцца больш красамоўным за словы. Мантаж працуе мэтанакіравана і сапраўдна», — прэзентуе чарговы блок кіраўнік агляду.

Гэтаксама фестываль прадугледжвае праграмы беларускага і літоўскага сучаснага кіно. У беларускім блоку заяўлены фільмы Юрыя Сямашкі, Віктара Красоўскага, Стаса Турко ды іншых аўтараў.

Кінапаказы «Нефільтраванага кіно» запланаваны ў трох гарадах:

  • 21-22 сакавіка ў Берліне ў ZK/U Center for Art and Urbanistics,
  • 7 красавіка — у Хельсінкі, у Kitchen Lab Tarvo,
  • 24-26 красавіка ў Вільні — у прасторы CreateCulture Space і Skalvija Cinema Center.

Праграмы фэсту не будуць перасякацца, такім чынам, глядач у розных гарадах пабачыць сваю частку «Няфільтра».

Нагадаем, што фестываль «Нефільтраванае кіно» на момант 2023 года заставаўся ў Беларусі адзіным незалежным афлайн-кінафорумам. Аднак летась у дачыненні да яго пачаліся рэпрэсіі, і фэст быў вымушаны перанесці свае паказы ў Вільнюс. Напрыканцы года на мерапрыемства агляду «Сеанс нязнятага фільма» ў Мінску прыйшла міліцыя і арыштавала ўсіх удзельнікаў вечара. Пасля 15 содняў большасць гледачоў і арганізатары былі вызвалены. Каманда форуму не выключае, што пасля гэтай эдыцыі «Няфільтр» паставіць сваю дзейнасць на паўзу.

reform.by