Да сённяшніх дзён зберагаю „Czasopis” (2014, №1) з цікавым артыкулам Алены Глагоўскай пра Уладыслава Маліноўскага – мінскага доктара Янкі Купалы. Сапраўды, артыкул унікальны пра беларускага лекара, які нарадзіўся ў Бабруйску, працаваў да Другой сусветнай вайны ў Бабруйску, Мінску, Слоніме. Паважаны доктар Уладыслаў Маліноўскі ў 1920 годзе выратаваў ад смерці народнага паэта Беларусі Янку Купалу (1880-1942).
У „Поўным зборы твораў у дзевяці тамах” Янкі Купалы (Мн., 2003. С-144-145) чытаю: „1920. 16 студзеня. У газеце „Беларус” першы бюлетэнь пра хваробу Янкі Купалы”. 8 сакавіка. Газета „Беларусь паведамляла: „Хворасць Янкі Купалы. Як кажуць дактары, хворы астаецца ў шпіталі апошні тыдзень”. 20 сакавіка. Вярнуўся з бальніцы дадому. Напісаў ліст у газету „Беларусь”. 23 сакавіка. У газеце „Беларусь” апублікаваны „Ліст у рэдакцыю” Я. Купалы з падзякаю медперсаналу бальніцы за добры догляд”. Як піша Алена Глагоўская, у пісьме Янка Купала выказаў падзяку асабіста доктару Казубоўскаму і доктару Маліноўскаму…
Пра слонімскі перыяд жыцця доктара Уладыслава Маліноўскага сёння ніхто не памятае, апошнім сведкам пра яго была ў Слоніме родная сястра пісьменніка Алега Лойкі Людміла Клімовіч. Але і яе не стала. Алег Лойка пра Уладыслава Маліноўскага ў сваёй кнізе „Дрэва жыцця” (Слонімская друкарня, 2004. С.11-12) згадаў так: „Слонімцам мой бацька стаў 10 лістапада 1929 года, калі яго пад сваё крыло ў Слонімскі Чырвоны Крыж узяў доктар Уладыслаў Маліноўскі. Доктар Маліноўскі у свой час скончыў Маскоўскі медыцынскі ўніверсітэт, стаў земскім урачом. Пры Слонімскім магістраце ён узначальваў Чырвоны Крыж – нешта накшталт паліклінікі, дзе кожны мясцовы чалавек бясплатна мог атрымаць медыцынскую дапамогу. Пры ўрачу павінен быў быць другі чалавек – фельчар. Вось такім другім чалавекам і стаў мой бацька. Маліноўскі стаў для майго бацькі тым, хто яго вывеў у сапраўдную медыцыну, у народныя лекары…”.
У 1931 годзе Уладыслаў Маліноўскі паслаў Антона Лойку – бацьку Алега Лойкі ў Варшаву на санітарныя курсы. Пасля курсаў Антон Лойка вярнуўся ў Слонім і працаваў санітарным кантралёрам усяго даваеннага Слоніма.
Пра гэта згадвала і Алена Глагоўская. Доктар Уладыслаў Маліноўскі ў Слоніме шмат перажыў. Летам 1944 года гітлераўцы расстралялі яго брата Антона з жонкай Марыяй. А хутка і сам доктар Маліноўскі пакінуў горад над Шчарай. Ён пераехаў і жыў у польскім горадзе Суленцін. Там і памёр разам з жонкай у 1950-я гады. У гонар яго ў Суленціне названа адна з вуліц. А ў Беларусі пра доктара Уладыслава Маліноўскага ніхто не ведае, а тым больш ніхто пра яго не ўшаноўвае памяць.
У сваіх хатнім фотаархіве адшукаў тры рэдкія фатаграфіі. Яны сёння друкуюцца ўпершыню. Вялікі калектыўны здымак быў зроблены ў даваенным слонімскім парку. Па сутнасці, гэта быў рэнесансны парк з танцпляцоўкай, альтанкай і лавачкамі. Да Другой сусветнай вайны ў гэтым парку любілі ўсе фатаграфавацца. І нават супрацоўнікі Слонімскага Чырвонага Крыжа зрабілі ў парку фота на памяць. Атрымаўся гістарычны і прыгожы здымак. У першым радзе (пяты справа) сядзіць доктар Уладыслаў Маліноўскі. Стаіць трэці злева ў другім радзе Антон Лойка. Побач з доктарам Маліноўскім (справа ад яго) сядзіць нехта Кавальчык. Трэці справа сядзіць вядомы на той час у Слоніме доктар Эфрас. Пра астатніх асоб на гэтым здымку звестак адшукаць не ўдалося. Здымак быў зроблены ў другой палове 1930-х гадоў.
На другім фотаздымку Антон Лойка (трэці злева) на санітарных курсах у Варшаве, 1931 год. І на трэцім здымку сфатаграфавана сям’я Антона Лойкі ў 1934 годзе.