Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” арганізавала 9 сакавіка 2024 года штогадовае свята “Лявон і Лявоніха”.
Павага да традыцый беларускага народа, да традыцый грамадства – разам праводзіць зіму і сустракаць вясну, а таксама павіншаваць жанчын з міжнародным жаночым днём 8 Сакавіка, адcвяткаваць Маслёнку, падарыць добрыя пажаданні і праспяваць народныя песні – вось галоўнае, што сабрала дружны і вясёлы калектыў удзельнікаў свята. Надвор’е не падкачала, ласкава свяціла сонца, паднімаючы вясновы настрой.
Пад песню “Лявоніха”, якую выконваў ансамбль “Песняры”, пачалося свята, вядучай якога была член праўлення таварыства “Уздым” Таццяна Рудэнка ў сукенцы нацыянальнага строя.
«Багаты наш стол, нібы вясельны. Толькі каравая не хапае.”
“Лявон”, сябра праўлення “Уздым” Мікалай Паўлавіч, і “Лявоніха”, таксама сябра праўлення “Уздым”, Вольга Паўловіч запрасілі гасцей пакаштаваць пачастункі, якімі быў абстаўлены стол. Там былі бліны з мясам, бліны з тварагом, бліны са скваркамі і шмат усяго іншага, што было не менш смачна. Старшыня таварыства “Уздым” Лілія Воранава павітала сябраў беларускага таварыства і павіншавала са святамі, сказала шмат добрых слоў. Кожны з гасцей змог сказаць вясновыя добрыя пажаданні, павіншаваць са святам жанчын, падарыць кветкі. Загадкі пра Маслёнку весела разгадваліся, гульні, якія ішлі адна за адной, не давалі гасцям сумаваць. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька прачытаў свае жартаўлівыя вершы пра каханне, жанчын, вясну. Вакальны калектыў “Натхненне” пад кіраўніцтвам Яны Антонаўны Юзэфовіч праспяваў шчырыя беларускія песні, ствараючы святочны настрой. Час праляцеў хутка, свята атрымалася душэўным і вясёлым. Лявоніха – Вольга Паўловіч – падзякавала ўсім за актыўны ўдзел і завяршыла свята вершамі:
Ад шчырага сэрца Вам шчасця жадаем, Ніхто з Вас ніколі Хай гора не знае! Бывайце здаровы І ў шчасці жывіце, А прыйдзем ў госці - Нас смачна карміце.
Хочацца падзякаваць членам праўлення за арганізацыю свята, а таксама пажадаць усім здароўя, міру і дабра! З нецярпеннем будзем чакаць новых і цікавых сустрэч у нашым таварыстве “Уздым”.