Сумныя навіны прыйшлі з Расіі: памёр „галоўны беларус Масквы“, вядомы беларускі гісторык, літаратуразнавец і грамадскі дзеяч, ганаровы сябра Вялікай Рады ЗБС „Бацькаўшчына“ – доктар філалагічных навук Аляксей Каўка. Яму было 87 гадоў.
Нарадзіўся Аляксей Канстанцінавіч 20 верасня 1937 года на Чэрвеншчыне, у 1961 годзе скончыў БДУ, але ад 1965 года жыў у Маскве, працуючы ў Інстытуце сусветнай літаратуры імя А. Горкага АН СССР і Інстытуце эканомікі сусветнай сацыялістычнай сістэмы АН СССР. Пэўны час быў галоўным рэдактарам часопіса „Савецкае славяназнаўства“.
На пачатку навуковай дзейнасці Аляксей Каўка паспяхова даследаваў гісторыю Польшчы, польскага рабочага руху і савецка-польскіх адносін, быў дарадцам амбасады СССР у Польшчы. Але з канца 1970-х пераключыўся на праблему адраджэння і станаўлення нацянальнай беларускай самасвядомасці – пачаў даследаваць творчасць Францыска Скарыны, Янкі Купалы, Касутся Езавітава, Івана Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага і Мікалая Улашчыка.
У 1976–1977 годзе Аляксей Каўка напісаў ананімны „Ліст да рускага сябра“, палемічны твор, у якім выкрывалася палітыка русіфікацыі БССР. „Ліст да рускага сябра“ распаўсюджваўся ў выглядзе самвыдату, трапіў у Польшчу, а адтуль у Лондан, дзе быў выдадзены таксама і па-англійску ў 1979 годзе і атрымаў вельмі вялікі розгалас.
Маючы дыпламатычны пашпарт, Аляксей Каўка перапраўляў на Захад беларускія творы, якія не маглі быць надрукаваныя ў БССР, у тым ліку знакамітую паштоўку Яўгена Куліка да 1000-годдзя Беларусі і таксама прысвечаны праблеме моўнай асіміляцыі беларусаў рукапіс кнігі сацыёлага Алега Бембеля „Родная мова і сацыяльны прагрэс“, які быў выдадзены кнігай ў Лондане ў 1985 годзе.
Аляксей Каўка адыграў вялікую ролю ў арганізацыі Таварыства беларускай культуры імя Францыска Скарыны ў Маскве, першай афіцыйна ўтворанай суполкі беларускай дыяспары ў Расіі (заснавана ў 1988 годзе), быў яе першым старшынём.
Ад 1991 года ўкладаў створаны на базе ТБК імя Францыска Скарыны літаратурна-навуковы альманах „Скарыніч“, друкуючы ў ім навуковыя артыкулы і раней невядомыя архіўныя дакументы і рукапісы Мікалая Улашчыка, Язэпа Лёсіка, Аркадзя Смоліча, Івана Луцкевіча, Адама Бабарэкі, Язэпа Варонкі, Язэпа Дылы ды іншых дзеячаў беларускай навукі і культуры.
Акрамя навуковых публікацыяў Аляксей Каўка выдаў некалькі цікавых зборнікаў эсэістыкі, якія дапаўняюць яго навуковыя даследаванні дзейнасці беларускіх гістарычных асобаў аўтарскімі рэфлексіямі, а таксама ўтрымліваюць успаміны, з якіх, сярод іншага, можна дазнацца шмат цікавага пра жыццё беларускай дыяспары ў Маскве. Гэта ўмоўная трылогія „Жывом!“ (1997), „Будам жыць!“ (1998) і „Каб не забыцца“ (2006), а таксама выдадзеная адмыслова да юбілею Таварыства беларускай культуры імя Францыска Скарыны ў Маскве „Мае беларусы“ (2013).
Аляксей Каўка быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і медалём да 100-годдзя БНР.
Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“ смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Аляксея Канстанцінавіча. Гэта вельмі вялікая страта для ўсіх беларусаў.
ЗБС „Бацькаўшчына“