Святлана Алексіевіч, Альгерд Бахарэвіч, Вольга Гапеева: беларускіх аўтараў вітаюць на Лейпцыгскім кніжным кірмашы

Альгерд Бахарэвіч удзельнічае ў дыскусіі «Свабода для Еўропы: што такое паэзія, калі яна не ратуе чалавека?». Фота: Юля Цімафеева

21 сакавіка ў Міжнародны дзень паэзіі афіцыйна пачала працу адна з вядомых падзей у кніжнай і медыя індустрыі Еўропы — Лейпцыгскі кніжны кірмаш. Беларускія паэты, пісьменнікі, мастакі, філосафы, перакладчыкі, музыканты, выдаўцы прымаюць удзел у форуме, якія сабраў прадстаўнікоў сферы з усяго свету.

Так, сёння беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч стаў адным са спікераў у дыскусіі «Свабода для Еўропы: што такое паэзія, калі яна не ратуе чалавека?».

У пачатку гэтага году Opus Magnum літаратара — раман «Сабакі Еўропы» — быў перакладзены на нямецкую мову Томасам Вайлерам. Пасля прэзентацыі кнігі ў Берліне Альгерд Бахарэвіч выправіўся ў вялікі тур па Аўстрыі. У межах кніжнай выставы адбудзецца яшчэ тры івэнты, на якіх чытачоў запрашаюць адкрыць для сябе раман, прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім» — 22 сакавіка ў форуме «Weltweit» і Клубе naTo, ды 23 сакавіка — у форуме DIE UNABHÄNGIGEN.

Паэтка і пісьменніца Вольга Гапеева сёння ўвечары прымае ўдзел у дыскусіі Fauna Femina — сустрэча ладзіцца ў межах цыкла мерапрыемстваў «Метамарфозы», прысвечанаму палітычнаму, культурнаму і грамадскаму жыццю жанчын.

З якімі монстрамі сутыкаюцца жанчыны ў наш час? І як можна апісаць крохкае ўнутранае жыццё, адлюстроўваючы адносіны да жывёл і прыроды? Арганізатары прапануюць паразважаць на тэму з аўтаркамі з Беларусі, Харватыі, Польшчы і Украіны. Нагадаем, што раман Вольгі Гапеевай «Самота, што жыла ў пакоі насупраць» падымае пытанні ўзаемадзення чалавека са светам і наваколлем.

Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, філосафка Вольга Шпарага, мастачка Марына Напрушкіна, каардынатар Федэральнага ўрада Робін Вагенер стануць выступоўцамі ў дыскусіі «За адкрытую Беларусь», якая адбудзецца 23 сакавіка ў Café Europa.

«Удзельнікі абмяркуюць складаны, але важны пошук перспектыў на будучыню ў кантэксце велізарных выклікаў, якія стаяць перад беларускай грамадзянскай супольнасцю, — адзначаецца ў апісанні да падзеі. — Беларусь амаль цалкам знікла з поля зроку грамадскага абмеркавання і ўспрымання. Пры гэтым там радыкалізуецца рэжым, які і па гэты дзень з усёй жорсткасцю распраўляецца са сваім уласным насельніцтвам. Апазіцыя і супраціў у самой краіне больш немагчымыя. З іншага боку, у выгнанні спадчына пратэстаў 2020 года працягвае жыць у новых палітычных, грамадзянскіх і культурных структурах. Такім чынам, праца гэтых ініцыятываў таксама з’яўляецца інвестыцыяй у будучыню адкрытай Беларусі, а таксама ў беларуска-нямецкія і беларуска-еўрапейскія адносіны».

Мадэратарам дыскусіі выступіць журналіст і эксперт па Беларусі Інго Петц.

Заўважна на Лейпцыгскім кніжны кірмашы і прысутнасць праекта «33 кнігі для іншай Беларусі», скіраванага на публікацыю выданняў, якія пасля падзей 2020 года не могуць пабачыць свет у Беларусі.

23 сакавіка філолаг і менеджар Караліна Саўчук і нямецкі пісьменнік Інго Шульц распытаюць заснавальніц ініцыятывы — беларускую перакладчыцу, рэдактарку, сябру Нямецкай акадэміі мовы і паэзіі Ірыну Герасімовіч і прафесарку, кіраўніцу Інстытута славістыкі Цюрыхскага ўніверсітэта Сільвію Засэ пра праект і яго місію.

Дазнацца больш пра мерапрыемствы з удзелам беларускіх аўтараў на Лейпцыгскім кніжным кірмашы можна тут. Форум прадоўжыцца да 24 сакавіка.

reform.by