Стартаваў трэці сезон падкаста «Малус»

«Малус» — гэта беларускі падкаст з мастацкімі гісторыямі ў фармаце пастановак, якія агучваюць прафесійныя беларускія акторы. Пра працяг праекта напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбук Кірыл Стаселька.

«Калі пачынаў гэты праект, не мог і падумаць, што хопіць попыту і цікавасці з аднаго боку, ды энергіі, рэсурсаў, людзей з іншага боку. Але во яно як атрымалася, запускаем трэці сезон падкаста „Малус“.

Не абяцаю, што будзе чацвёрты, але ўжо цяпер вынік атрымаўся вельмі добры. Файны і якасны падкаст, з цікавымі гісторыямі, ды таленавітай агучкай актораў-купалаўцаў.

Робім гэты праект не толькі і не столькі для сябе (хоць і не без гэтага), але для вас, для тых, у каго наш праект адгукаецца, выклікае інтарэс. Цешыць, што такая аўдыторыя ёсць. То працягваем і чакаем на ваш фідбэк, меркаванні, уражанні. Гэта вельмі важна і каштоўна для нас, то абавязкова пішыце!»

Трэці сезон пачынаецца з выпуска «Слёзы па 2/11» — неверагоднай гісторыі загадкавай зніклай цывілізацыі, дзе папера была не проста матэрыялам, але яе цэнтральным элементам.

«Падаецца, папера — гэта нешта простае і вельмі паўсядзённае, хоць, разам з тым, і вельмі важнае для ўсяго чалавецтва.

Гэта гісторыя, дзякуючы якой вы даведаецеся пра такія спосабы выкарыстанне паперы, якія нават ніколі не маглі ўявіць»

Новы выпуск агучыў Алег Гарбуз.

Праект паўстаў у пачатку 2022 года і за гэты час ужо было створана 36 выпускаў, якія агучылі акторы акторы-купалаўцы. Сярод іх: Алег Гарбуз, Міхась Зуй, Крысціна Дробыш, Сяргей Чуб і Андрэй Дробыш.

«Малус» стаў вынікам пошуку новых фарматаў для сучаснай беларускай літаратуры, выкарыстання новых інфармацыйных тэхналогій і спалучэння розных галін мастацтва. Па задуме арганізатараў праекта, гэты падкаст таксама з’яўляецца добрым варыянтам для тых, хто хоча мець доступ да беларускай культуры, нягледзячы на вымушаную эміграцыю як творцаў, так і іх аўдыторыі, ды насуперак знішчэнню літаратурнай інфраструктуры ў самой Беларусі.

Слухаць новыя выпускі можна на ўсіх папулярных платформах

budzma.org