Дзень Волі ў Батумі: Не апускаем рук, перамога блізка!

Беларусы Батумі адзначылі Дзень Волі шэсцем з бел-чырвона-белымі сцягамі, урачыстым мітынгам-канцэртам і ярмаркай беларускіх сувеніраў на плошчы Еўропы. 

У мітынгу таксама ўзялі удзел прадстаўнікі грузінскай грамадзянскай супольнасці і ўкраінскай дыяспары.

Удзельнікі ўшанавалі хвілінай маўчання памяць усіх ахвяр барацьбы з імперыяй, казалі пра важнасць супольнай барацьбы нашых народаў за свабоду і ўзаемнай падтрымкі на гэтым шляху. Заслухалі і відэазварот Зянона Пазьняка.

«Робім беларускія справы, не апускаем рук, перамога блізка. Жыве Беларусь, слава Украіне, Сакартвэлос гаўмарджос!» — так скончыў сваю прамову старшыня ГА «Беларуская дыяспара ў Аджарыі» Аляксей Балашоў.

Падчас акцыі адбываўся збор ахвяраванняў, якія будуць падзеленыя пароўну на падтрымку беларускіх палітвязняў, ваяроў беларускага добраахвотніцкага корпусу ва Украіне і беларускага культурнага цэнтру ў Батумі.

Над плошчай прагучалі вершы Уладзіміра Караткевіча і Стася Карпава, а спеўны сход выканаў гімн БНР «Ваяцкі Марш» («Мы выйдзем шчыльнымі радамі»).

Напрыканцы ўдзельнікі імпрэзы сабраліся ў святочны карагод, а потым, пад гукі песні Змітра Вайцюшкевіча  «Наш Сцяг», утварылі нацыянальны сцяг з белых і чырвоных ліхтарыкаў.

novychas.online