Дарагія мае суродзічы,
Сто шэсьць гадоў таму – 25 Сакавіка 1918 году – пасьля стагодзьдзяў няволі, беларускі народ парваў ланцугі, у якіх яго трымала чужая імпэрыя, і абвясьціў сьвету незалежнасьць свае дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі.
Дзень 25 сакавіка стаўся нашым найвялікшым сьвятам, і, нягледзячы на ўсе высілкі ўсходняга суседа, каб нас сьцерці з паверхні Зямлі, народ наш больш як сто гадоў змагаецца, каб адрадзіць свой вольны край.
Натхнялі нас ідэалы 25-га Сакавіка.
У вельмі неспрыяльных для нацыянальнага адраджэньня варунках у Беларусі вырасла і выхавалася на ідэях БНР новае пакаленьне беларускіх палітыкаў, якія здолелі ў сваю чаргу скарыстаць распад СССР і дасягнуць абвяшчэньня 25 жніўня 1991 году незалежнасьці краіны ў новым абліччы – Рэспублікі Беларусь.
На жаль, здабытая ў 1991 годзе дзяржаўная незалежнасьць ізноў апынулася пад пагрозаю. Усталяваная з дапамогаю Масквы дыктатарская ўлада Лукашэнкі стварыла рэальную пагрозу існаваньню ўжо ня толькі дзяржаве, але і беларускай нацыі.
Але беларускі народ змагаецца за сваю будучыню, што яскрава выявілася ў магутным уздыме 2020 году. Найбольш яскравым доказам таго ёсьць факт, што наш асноўны дзяржаўны ворган – Рада БНР, захавалася да сёньня.
Бальшавіцкая акупацыя прымусіла Раду БНР пакінуць краіну і выехаць у эміграцыю, але і на чужыне яна не спыніла сваю дзейнасьць. На выгнаньні Рада БНР захоўвае ідэалы БНР і да сёньня трымае мандаты дзяржаўнаe ўлады, атрыманыя ад Першага Усебеларускага Кангрэса.Такога ўзроўню паўнамоцтваў ня меў і ня мае пакуль ніводзін з урадаў Беларусі. Яны альбо прызначаліся пры саветах ці абіраліся ў выніку фармальных альбо сфальшаваных выбараў.
Рада БНР вітала абвяшчэньне незалежнасьці Рэспублікі Беларусь і магла б перадаць свае паўнамоцтвы ўраду Рэспублікі Беларусь, дзейнасьць якога адпавядала б ідэалам БНР і гарантавала б незалежнасьць нашага краю, але такога пакуль не сталася. У сувязі з гэтым Рада БНР павінна і надалей выконваць сваю ранейшую ролю.
Сёньня Рада БНР стаіць побач з дэмакратычнымі нацыянальнымі сіламі, што змагаюцца з дыктатарскім рэжымам у Беларусі і дзейнічаюць для нацыянальных інтарэсаў Беларускага народу.
У адпаведнасьці са сваімі паўнамоцтвамі і магчымасьцямі Рада БНР удзельнічае ў гэтым змаганьні, каб наблізіць той час, калі яна зможа перадаць свае паўнамоцтвы годнаму ўраду незалежнай дэмакратычнай Беларусі і тым самым забясьпечыць пераемнасьць ідэі беларускай Незалежнасьці на падставе Акта 25 сакавіка 1918 году.
Сёньня заклікаю кожнага з Вас не забывацца пра наш родны край, і пра гераізм і ахвярнасьць нашых продкаў, якія ня раз ішлі паміраць, каб жыла Беларусь. Дзякуючы ім мы яшчэ маем край – які мы цяпер мусім бараніць, каб не пакінуць жабракамі – «SANS DOMICILE FIXE» – нашых дзяцей і ўнукаў.
Няма ў нас большага скарбу, як свая дзяржава. Ня дайце ўзурпатару прадаць яе ворагам ды асіраціць Вас. Прыйшоў час, калі сапраўдным беларусам трэба забыцца пра ўсё тое, што іх дзеліць і аднавіць САЛІДАРНАСЬЦЬ, якая так моцна нам патрэбная, каб выжыць.
Мы разумны, здольны і добры народ. Сорам, што рэжым з нас зрабіў у вачах вольнага сьвету суагрэсараў суседняга краю, зь якім мы стагодзьдзямі жывём у згодзе. Нашым абавязкам ёсьць даказаць, што народ наш ня хоча вайны! Адзінае, што мы жадаем, гэта жыць спакойна на нашай уласнай вольнай зямлі.
Дык віншую Вас усіх з нашым вялікім нацыянальным сьвятам, мае дарагія суродзічы!
Памажы нам Божа! Жыве вольная і незалежная Беларусь!
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Сакавік 2024