У Нью-Ёрку адзначылі Дзень Волі 2024

24 сакавіка 2024 году ў саборы імя сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне адбылося сьвяткаваньне сто шостых угодкаў абвяшчэньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

На імпрэзу сабралося шмат гасьцей з Нью Ёрку, Нью Джэрзі, Пэнсыльваніі, вокругу Калумбія. Былі зачытаныя вітальныя словы, віншаваньні й напрыканцы адбыўся сьвяточны канцэрт.

Раніца распачалася ў беларускай царкве ў Брукліне з урачыстай літургіі. Прысутныя маліліся за Беларусь, а таксама за тых, хто змагаўся й працягвае барацьбу за яе свабоду.

А дванаццатай гадзіне апоўдні ўдзельнікі спусьціліся ў грамадзкую залю. Там, пасьля сьвяточнага абеду, распачалася афіцыйная частка імпрэзы.

Прысутныя заслухалі прывітальнае слова Старшыні Рады БНР – Івонкі Сурвілы. Апасьля выступілі Старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) – Натальля Федарэнка, сябра Рады БНР й магістар гісторыі – Ганна Сурмач, ад парафіі – Расьціслаў Гарошка, старшыня згуртаваньня Пагоня – Віталь Зайка, салістка трыа ”Казакі” – Вольга Казак-Анлар і прадстаўніца БАЗА-Вашынгтон – Алеся Сёмуха-Грынберг.

Канцэртную частку ўзялі на сябе Kozak Trio. Музыкі спявалі беларускія песьні і разам з прысутнымі танчылі ў святочнай залі.

Імпрэза выдалася цікавай і ўзьнёслай. Напрыканцы ўсе прасьпявалі духоўны гімн Беларусі ”Магутны Божа”.

Жыве Беларусь!

bielarus.info