Мэр Філадэльфіі афіцыйна прызначыла 25 сакавіка Днём беларускай спадчыны

25 сакавіка абвешчана Днём беларускай спадчыны ў Філадэльфіі. Афіцыйную пракламацыю, падпісаную мэрам Шырэль Паркер, перадаў суполцы Belarus Freedom — Philadelphia кіраўнік па стратэгічных адносінах і праграмах Офіса па справах імігрантаў Алан Джоінвіл. Ганаровая цырымонія прайшла 25 сакавіка падчас святкавання Дня Волі каля будынку мэрыі.

У Дзень Волі беларусы Філадэльфіі прыйшлі да будынка мэрыі горада, каб адсвяткаваць яго разам з прадстаўнікамі адміністрацыі горада. Над Сіці Холам прагучалі гімн «Магутны Божа», «Купалінка» і песні на беларускай мове гурта з Філадэльфіі Zaraz.

Падчас святкавання кіраўнік па стратэгічных адносінах і праграмах Офіса па справах імігрантаў мэрыі Філадэльфіі Алан Джоінвіл перадаў кіраўніку суполкі Belarus Freedom — Philadelphia Сержуку Шалігу пракламацыю аб абвяшчэнні 25 сакавіка Днём беларускай спадчыны ў Філадэльфіі.

«У выніку нядаўняй беларускай міграцыі з’явіліся новыя арганізацыі, такія як Belarus Freedom — Philadelphia. Гэта некамерцыйная арганізацыя, заснаваная ў 2023 годзе, пераследуе двайную місію: папулярызацыю беларускіх культуры і гісторыі і адначасова адстойвае дэмакратычныя рэформы ў Беларусі. 25 сакавіка 2024 года горад Філадэльфія далучаецца да беларускай суполкі, ахоўнікам дэмакратыі і абраным афіцыйным асобам, каб адзначыць Дзень беларускай спадчыны ў гонар беларусаў-амерыканцаў Філадэльфіі», — адзначыла мэр горада Шырэль Паркер.

Сяржук Шаліга падзякаваў ад імя ўсіх беларусаў Філадэльфіі за гэтае ганаровае ўшанаванне беларускіх традыцый і святаў.

«Гэта таксама ганаровы акт прызнання дзейнасці беларускай суполкі гарадскімі ўладамі,» — дадаў ён.

Пасля ўрачыстага святкавання прадстаўніцтва Belarus Freedom — Philadelphia разам з прадстаўнікамі Офіса па справах імігрантаў абмеркавалі шляхі супрацоўніцтва на будучыню. Сярод ідэй былі запрашэнні беларусаў удзельнічаць у праграмах святкавання дзён культуры, у гарадскіх сацыяльных праектах. Гарадскія ўлады Філадэльфіі адзначылі, што яны адкрытыя для любых прапаноў і гатовыя дапамагаць ва ўсім, што дасць беларускай суполцы падтрымку ў захаванні сваёй спадчыны.

budzma.org