Віктар Марціновіч быў запрошаны выкладчыкам ва ўніверсітэт Hunter College, што ў Нью-Ёрку, і плануе напісаць там кнігу пра мастацтва. Пра гэта пісьменнік паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
«Заўсёды імкнуўся патрапіць у гэты горад. Здавалася: калі я прыеду сюды не турыстам, не на тыдзень, але каб застацца, зрабіць нешта істотнае, каб працяцца ягонай смугой, ягоным даждлівым настроем, дык атрымаецца нешта істотнае.
Калісь з адной кніжнай прэзентацыі ў Вене пачаліся мае доўгія адносіны з тэатрам, якія дагэтуль прыносяць мне шмат радасці. Тое самае і тут, галоўнае пасяліцца блізка да Сэнтрал Парку і паразумецца з ягонымі хцівымі вавёркамі.
У Нью Ёрку пабачу, як лета змяняе вясну, як верасень фарбуе платаны залатым. Я цяпер — Fulbright visiting professor, мушу напісаць у @huntercollege кнігу пра мастацтва, у якой знойдзецца месца і Бройгелю, і Шагалу, і Суціну.
Але зараз, удыхаючы ветрык з Гудзону, чамусьці адчуваю журбу. Як быццам губляю нешта важнае. І гэта той гатунак смутку, які не хочацца гнаць прэч. З ім трэба прайсціся па Мэдысан, пасля збочыць да вады і падыхаць, гледзячы на далягляд. Магчыма, адпусціць. А калі не — атрымаецца добрая кніга пра мастацтва», — напісаў Віктар Марціновіч .