Сумны «Святы вечар». Выйшла чуллівая песня беларускіх артыстаў на Каляды

Нечаканая калабарацыя адбылася паміж беларускімі артыстамі розных жанраў і з розных краінаў. Lastoůski (Польшча), Yasinski (Чэхія) і Baisan (беларус з Украіны) запісалі эксперыментальны трэк, дзе калядная дуда спалучылася с атмасферным баянам і лірыкай, адпаведнай каляднаму настрою-2023.

Для артыстаў гэтая песня ёсць «рэкордным рэлізам па часе і эфектыўнасці».

Расказвае Lastoůski:
— Я пісаў песню як флэшбэк свайго жыцця на Браславах: закінутыя хутары, вазёры, ваўкі, дзікі. Гэтую халаднечу зачаравання я і намагаўся перадаць у мелодыі. Да аранжыроўкі далучыўся Аляксандр Ясінскі, з якім у гэты час працаваў на студыі Baisan, які, як ён сам кажа, “ішоў міма і зачапіўся за мікрафон”, паклаўшы на мелодыю верш, напісаны 25 снежня. Каляднае кола датаў замкнулася і мы выпускаем гэты трэк 6 студзеня.

Атмасферу каляднай халаднечы завершыла цудоўнай ілюстрацыяй мастачка Anfisa Lanno.

Слухаць трэк можна на YouTube / Soundcloud / Instagram.

Lastoůski – праект беларуса з Кракава, вядомы выкананнем вершаў класікаў і калабарацыямі з шырокім колам музыкаў, творчы крэатыўны хаб.

Yasinski – баяніст Аляксандр Ясінскі вядомы ў Беларусі і Чэхіі сольны выканаўца, кампазітар, удзельнік гуртоў Shum Davar, Iva Marešová, Razam.

Baisan (Алесь Плотка) – літаратар, франтмэн гурта Sož.

novychas.online