У новае выданне кнігі пра дыскрымінацыю беларускай мовы дадаліся новыя гісторыі людзей, якія ўжываюць беларускую ў жыцці. Дата прэзентацыі не выпадковая — па-першае, 4.04, па-другое — гэта дзень народзінаў аўтаркі, праваабаронцы і папулярызатаркі беларускай мовы Аліны Нагорнай.

Па ўваходзе ў CreateCulture Space госці адразу сустракаліся з увасабленнем Францыска Скарыны, які выдаваў спіс заданняў — ад фота з таблічкай 404 NOT FOUND да патанчыць як след і памыць келіх. Па выкананні заданняў можна было прэтэндаваць на падарунак ад аўтаркі.

Акрамя ўласна прэзентацыі новага выдання, гасцей чакала выстава фота на тэму дыскрымінацыі мовы, фотазона, торт, віно і рэйв-вечарына.

«Я вырашыла напісаць кнігу пасля свайго знаходжання ў беларускай радзільні — гэта быў нейкі сюрэалізм з пытаннямі «Чаму вы запоўнілі дакументы па-беларуску?» ці «А вы заўжды гаворыце па-беларуску?». Я вырашыла, што калі выйду псіхічна здаровай з гэтай установы, то абавязкова апішу тое, з чым сутыкаюцца беларусы, якія размаўляюць на роднай мове ў Беларусі, — распавяла Аліна Нагорная. — У новым выданні шыкоўныя ілюстрацыі, вельмі класны дызайн, новыя гісторыі. І гэта пры тым, што ўсё рабілася на звышхуткасцях — яшчэ ўчора гэтай кнігі ў фізічным увасабленні не існавала».

Паводле Аліны Нагорнай, зараз яна будзе працаваць над выданнем іншамоўных версій кнігі — электронных, але, магчыма, будзе і невялікі наклад друкаваных асобнікаў.

Як набыць кнігу?

«Кніжак мала, але крыху вольных ёсць, — кажа Аліна Нагорная. — Схема простая: проста мне асабіста на Facebookпісаць або ў Instagram».

Рыгор Сапежынскі, Budzma.org