25 сакавіка ў Рызе сёлета адсвяткавалі разам з Уладзімірам Арловым

Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” традыцыйна запрасіла беларусаў ў Рызе разам адзначыць 106-я ўгодкі Акту 25 Сакавіка.

Гэтая дата абавязкова штогод адзначаецца ў Рызе на працягу ўсіх 35 гадоў з моманту заснавання нашага таварыства. Імпрэзу зладзілі 23 сакавіка ў Вялікай зале будынку Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі з удзелам цэлай беларускай дэлегацыі з Беластоку! Гэтым разам шаноўнымі гасцямі ў Рызе былі знакаміты пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў, музыка і кампазітар Раман Арлоў і кіраўнік Фонду Kamunikat.org, стваральнік найбуйнейшай у свеце беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Яраслаў Іванюк. З такой нагоды неабыякавых да беларускай гісторыі, літаратуры ды песень сабралася поўная зала.

Пасля традыцыйнага выканання ўсімі прысутнымі дзяржаўнага гімна Латвіі “Dievs, svēti Latviju” і неафіцыйнага гімна Беларусі “Магутны Божа” на пачатку імпрэзы гасцей прывітала старшыня таварыства “Сьвітанак” Таццяна Казак, а Вячка Целеш прачытаў ўсім прысутным дасланае віншаванне з Днём Волі ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы.

Упершыню павіншаваць беларусаў з найвялікшым святам на “сьвітанкаўскую” імпрэзу завітаў Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Латвійскай рэспублікі ў Беларусі спадар Эйнарс Сэманіс. З улікам цяперашніх адносін паміж Латвіяй і нашай этнічнай Радзімай і зачыненых амбасад, спадар Амбасадар знаходзіцца ў Рызе, а не ў Мінску, і з’яўляецца сталым наведвальнікам беларускіх імпрэз у Латвіі. У сваім прывітальным слове ён выказаў упэўненасць у тым, што беларусы ў хуткім часе змогуць гэтак жа свабодна, шырока і ўрачыста святкаваць 25 Сакавіка, як усе латвійцы святкуюць 18 лістапада – Дзень абвяшчэння незалежнай Латвійскай рэспублікі ў 1918 годзе.

Шаноўным госцем на свяце таксама быў беларускі дзеяч з Лондана Васіль Еўдакімаў, які адмыслова прыляцеў у Рыгу, каб пазнаёміцца з нашым таварыствам ды сустрэцца з сваім даўнім сябрам Уладзімірам Арловым. Спадар Васіль з’яўляецца адным з кіраўнікоў беларускай супольнасці ў Вялікабрытаніі і аўтарам кніг пра Беларусь на беларускай і англійскай мовах.

Галоўны ж госць святкавання Уладзімір Арлоў вельмі цікава распавядаў пра тое, як Беларусь ішла да Акту 25 Сакавіка ў 1918-м: пра паўстанне Каліноўскага, Ігната Грынявіцкага, “Нашу долю” і “Нашу Ніву”, пачатак Першай сусветнай вайны і падрабязна пра абвяшчэнне БНР.

Падчас творчай сустрэчы з Уладзімірам Арловым прысутныя маглі пачуць не толькі аповед пра гісторыю БНР. Аўтар прэзентаваў перавыдадзеныя Фондам Kamunikat.org свае шматлікія вядомыя кнігі “Імёны Свабоды”, “Незалежнасць – гэта…”, “Ордэн Белай мышы”, “Айчына” і іншыя папулярныя выданні, чытаў урыўкі з сваіх твораў і шмат жартаваў.

Музыка і кампазітар Раман Арлоў, сын пісьменніка, выканаў патрыятычныя беларускія песні свайго аўтарства на гістарычную тэматыку. Спевы былі вельмі цёпла прынятыя латвійскай публікай. Спадар Раман выступаў у Рызе ўпершыню, але як выканаўца і аўтар песень даўно і добра вядомы беларусам як удзельнік знакамітага беларускага гурта “J:Mors”.

Кіраўнік Фонду Kamunikat.org, стваральнік найбуйнейшай у свеце беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Яраслаў Іванюк распавядаў пра гісторыю стварэння бібліятэкі kamunikat.org і пра тое, як у апошнія гады інтэрнэт-бібліятэка ператварылася ў сапраўднае беларускае выдавецтва. Дзякуючы спадару Яраславу з 2021 года перавыдадзена вельмі шмат кніг Уладзіміра Арлова, а таксама іншых вядомых беларускіх пісьменнікаў, напрыклад, Уладзіміра Някляева. Андрэя Хадановіча і іншых, выйшла ў свет шмат новых выданняў. Зараз у інтэрнэт-бібліятэцы Kamunikat.org сабрана ўжо больш за 55 000 розных беларускіх публікацый (кніг, аўдыёкніг, газет, часопісаў, відэа і інш.) Арганізатарам прыезду да беларусаў ў Рыгу, а потым далей у Таллінн і Хельсінкі таксама з’яўляецца нястомны спадар Яраслаў Іванюк, які на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў аддае шмат свайго часу і высілкаў беларускай справе ў Польшчы.

Акрамя падарункаў шаноўным гасцям, якія падрыхтавала кіраўніцтва ЛТБК “Сьвітанак”, Уладзіміра Арлова яшчэ чакаў сюрпрыз, што зрабіла яму ягоная зямлячка, мастачка Вольга Якубоўская. Вядомая мастачка падаравала знакамітаму пісьменніку сваю цудоўную карціну.

З беларускімі песнямі на імпрэзе выступіў таксама Алег Целеш, сын Вячкі Целеша.

Па заканчэнні выступаў ды спеваў адбыўся кніжны кірмаш і аўтограф-сесія. Па аўтографы на набытых кнігах да спадара Ўладзіміра выстраілася доўгая чарга.

Традыцыйна пасля афіцыйнай праграмы гасцей і гаспадароў імпрэзы чакаў святочны сяброўскі стол у Каміннай зале, дзе абмяркоўвалі беларускія справы ды магчымае супрацоўніцтва ў будучыні.

Запрашаем усіх ахвотных на нашыя наступныя імпрэзы!

svitanak.eu
здымкі Яраслава Іванюка і Вячкі Целеша.