Раманы Сашы Філіпенкі «Былы сын» і «Крэмулятар» выйдуць па-беларуску

Гэтай вясной выдавецтва Gutenberg Publisher выдае па-беларуску «Былога сына» і «Крэмулятар» Сашы Філіпенкі. Пра гэта было паведамлена на старонцы выдавецтва ў Facebook і ў Instagram аўтара.

Саша Філіпенка (нар. 1984) — беларус з вялікім журналісцкім вопытам, лаўрэат літаратурных прэмій, аўтар раманаў «Чырвоны крыж», «Цкаванне», «Былы сын», «Задумы», «Вяртанне ў Астрог», апавяданняў і п’ес.. Ён публікуецца ў прэсе сусветнага ўзроўню і актыўна абараняе здаровы сэнс і чалавечнасць. 

Раманы Сашы Філіпенкі перакладзеныя на французскую, нямецкую, чэшскую, венгерскую, польскую, італьянскую, англійскую, харвацкую, галандскую, іспанскую, японскую, шведскую, славацкую, тайскую, турэцкую (а ў недалёкай будучыні і карэйскую). Яны напісаны па-расейску, але сёлета іх пераклалі і на беларускую.

«Мы будавалі, будавалі і, нарэшце, пабудавалі — «Былы сын» выходзіць па-беларуску ў выдавецтве „Гутэнберг“ !!!» — напісаў аўтар на сваёй старонцы ў Instagram.

Самы першы раман пісьменніка — «Былы сын» — расказвае пра юнака, які пацярпеў у страшнай цісканіне на Нямізе і 10 гадоў праляжаў у коме. Ім апекавалася бабуля, якая, у сваю чаргу, старалася бачыць свет вачыма ўнука, каб усё яму распавесці, калі той ачуняе. Яна расказвае, а чытач узгадвае тое, што беларусы перажылі за гэты час: усё адно як цэлая краіна праляжала ў коме, бо не было нейкага імпульсу, які б прымусіў гэтае жывое цела ўстаць і нешта для сябе зрабіць. І наступствы гэтага ляжання даганяюць, нават калі ажываеш і з’яўляецца надзея.

Набыць раман можна па спасылцы.

«Крэмулятар» — самы знакаміты раман Сашы Філіпенкі. Твор атрымаў прэстыжную французскую прэмію Trasnfuge як найлепшы еўрапейскі раман 2023 года.

Рамана распачынаецца падзеямі 23 чэрвеня 1941 года, калі наступ нямецкай арміі запускае ў СССР чарговую хвалю барацьбы са шпіёнамі. Твор паглыбляе чытача ў атмасферу 1930-х гадоў і грунтуецца на матэрыялах следчай справы першага дырэктара Маскоўскага крэматорыя Пятра Ільіча Несцярэнкі, праз паказанні і дзённікі якога можна прасачыць лёс чалавека на фоне знакавых падзей першай паловы ХХ стагоддзя: войнаў і рэвалюцыі, эміграцыі і вяртання ў СССР часоў тэрору. Аўтар даследуе ўнутраны свет чалавека, пастаўленага перад немагчымым выбарам.

Набыць раман можна па спасылцы.

budzma.org