7 красавіка ў Нью-Ёрку адбылася сустрэча беларускай дыяспары зь Сяргеем Навумчыкам. Вядомы журналіст і палітык сабраў каля сарака чалавек у грамадзкай залі катэдральнага сабору імя с. Кірылы Тураўскага у Брукліне (БелАПЦ).
Падчас сустрэчы, выступоўца шмат распавядаў пра сытуацыю ўнутры й вакол Беларусі. Слухачы зь цікавасьцю даведаліся пра гістарычныя перадпасылкі склаўшайся сытуацыі. Спадар Навумчык распавёў пра часы распаду Савецкага Зьвязу, станаўленьня незалежнай Беларусі, прыходу да ўлады Лукашэнкі. Ён таксама не абыйшоў палітычным аналізам і дзеяньні краінаў Захаду ў дачыненьні да маладых рэспублік. Спадар Навумчык з сумам падкрэсьліў, што калі б тыя ж сродкі, што ішлі ў свой час Маскве, былі часткова накіраваныя Беларусі, магчыма ў нас не было б сёньня дыктатуры.
Сяргей Навумчык зьяўляецца першым намеснкям старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. Да яго ў гэтай ролі было зададзенае пытаньне з залі: ці будзе Рада БНР актывізаваць сваю палітычную дзейнасьць асабліва на фоне няўцямнай сытуацыі з Каардынацыйнай Радай?
Спадар Навумчык паведаміў, што на бліжэйшы час Рада БНР будзе прытрымлівацца сваёй асноўнай місыі – захаваньне атрыбутаў дзяржаўнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У той жа час, Рада БНР мае больш магчымасьцяў выказвацца па тых ці іншых пытаньнях датычных Беларусі, так як яна цалкам фінансава незалежная арганізацыя. Пры гэтым, як ён далей адзначыў, у парадку кансультацый, замежныя палітыкі будуць хутчэй кантактаваць з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай.
Сустрэча зь Сяргеем Навумчыкам спраўдзілася цікавай і пазнавальнай для наведвальнікаў. Таксама, яго запрасілі часьцей бываць у ЗША, чым раз на восемь гадоў.