Выйшла першая зборная бібліяграфія зместу ўсіх выпускаў часопіса “Беларускі гістарычны агляд”

Зборная бібліяграфія ўключае ўсе тэксты (апрача інфармацыйных нататак рэдакцыі пра атрыманне новых выданняў), апублікаваныя на старонках перыёдыкі ад першага (1994) па трыццаты (2023) том уключна. Складальнікі зборнай бібліяграфіі — Віталь Белы і Ганна Кулаковіч.

Ранейшы падобны паказнік быў выдадзены ў 2006 г. і ўключаў матэрыялы тамоў І—ХІІ (1994–2005), а таксама папярэднія прамежкавыя паказнікі, змешчаныя ў асобных нумарах часопіса.

Аснову бібліяграфіі складаюць дзве галоўныя часткі — агульная і спецыяльная. У першай матэрыялы размеркаваны па храналагічных перыядах гісторыі, якія зведзены ў 6 самастойных раздзелаў. У другой частцы, дзе за падставу сістэматызацыі ўзяты прадметна-тэматычны крытэрый, публікацыі згрупаваны ў 15 асобных раздзелаў.

Тыя пазіцыі, што сваім зместам ахапляюць некалькі гістарычных перыядаў ці датычаць розных прадметна-тэматычных раздзелаў, паўтараюцца ў адпаведных месцах агульнай ці спецыяльнай часткі.

Бібліяграфію завяршае алфавітны індэкс прозвішчаў усіх аўтараў часопіса з указаннем старонак тома, на якіх прыведзены звесткі пра іх публікацыі.

Электронную версію бібліяграфічнага паказніка можна спампаваць на сайце часопіса.

budzma.org