Нагадаем, Марыю Калеснікаву, экс-кіраўніка штаба Віктара Бабарыкі, затрымалі на пачатку верасня 2020 года. Пасля чаго спецслужбы паспрабавалі вывезці Марыю Калеснікаву з Беларусі ва Украіну. На мяжы Калеснікава парвала свой пашпарт, каб пазбегнуць вымушанай дэпартацыі, і ў выніку апынулася за кратамі.
6 верасня 2021 года Мінскі абласны суд палічыў Марыю Калеснікаву вінаватай у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт.357, ч.3 арт.361, ч.1 арт.361-1 Крымінальнага кодэкса і прысудзіў да 11 гадоў пазбаўлення волі. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і кіраванні такім фарміраваннем, публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады. Хоць такі вердыкт, акрамя абурэння, нічога іншага не выклікаў у цывілізаванай грамадскасці як нашай краіны, так і замежжа.
На пачатку мінулага года Марыю этапіравалі ў Гомельскую калонію. Больш за месяц таму стала вядома, што Марыя патрапіла ў шпіталь з хірургічнай паталогіяй, яе прааперавалі 28 лістапада.
5 снежня Марыі Калеснікавай дазволілі паразмаўляць у палаце з бацькам, але не сам-насам, а ў прысутнасці супрацоўнікаў МУС.
На днях у Інтэрнэце з’явілася інфармацыя “са спасылкай на іншых вязняў”, што Марыя Калеснікава да гэтага часу застаецца ў санчастцы Гомельскай калоніі, а стан здароўя яе як быццам не вельмі добры. Ці так гэта на самай справе? З гэтым пытаннем “Народная Воля” звярнулася да бацькі Марыі…
– Тую інфармацыю, што з’явілася пра дачку, ні пацвердзіць, ні абвергнуць не магу, – сказаў Аляксандр Паўлавіч Калеснікаў. – Ад Машы я не атрымліваю лісты з пачатку года, хаця дакладна ведаю, што піша яна мне пастаянна. Адвакат таксама не можа прарвацца да Марыі, бо, як быццам бы, няма ад дачкі заявы на сустрэчу з адвакатам.
Спадзяюся, што пасля Калядаў атрымаю якую-небудзь вестачку ад дачкі, бо таксама ж хвалююся пра яе здароўе. Раней я звяртаўся да кіраўніцтва папраўчай установы, каб прадаставілі больш поўную інфармацыю пра стан здароўі Машы, але адказ быў прыкладана такі: адчувае яна сябе нармальна, лекамі і лячэннем забяспечана…
– Калі вы атрымалі апошні ліст ад Марыі?
– 2 студзеня, а адпраўляла Маша пісьмо 30 снежня. Паведаміла, што пакуль і на самай справе знаходзіцца ў санчастцы, але вельмі спадзяецца на выздараўленне. Стараецца падтрымліваць бадзёры настрой, усміхацца… Адным словам, ліст быў на пазітыве.
Трэба адзначыць, што ў снежні нам дазволілі перадаць Машы перадачу з дыетычным харчаваннем, і гэта дачку падтрымала. Яна напісала, што здаровыя прадукты ёй пайшлі на карысць. А перадалі мы розныя дзіцячыя пюрэ, паштэты, булёны… Папрасіла мармелад без цукра, зефір, садавіну і гародніну. Спіс, да слова, быў узгоднены з медыкамі калоніі.
Хачу таксама дадаць, што Машы дазваляюць прагулкі на свежым паветры, пра што яна таксама напісала. Можна гуляць тры разы на дзень па дваццаць хвілін, таму дачка радасна паведаміла мне, што падчас такіх прагулак ставіць свае маленькія рэкорды – адзін раз зрабіла 5 тысяч крокаў. Распавяла, што збіраецца павялічваць нагрузкі.
Зрэшты, як ужо казаў, гэта навіны тыднёвай даўніны. Спадзяюся, што за гэты тыдзень з дачкой нічога кепскага не здарылася, а чарговая інфармацыйная блакада закончыцца…