Беларускія гісторыкі стварылі «Інстытут публічнай гісторыі» за мяжой і запусцілі свой тэлеграм-канал

«Беларускі інстытут публічнай гісторыі» — грамадская арганізацыя, заснаваная ў Польшчы беларускімі гісторыкамі, што апынуліся ў эміграцыі і вырашылі пачаць навукова-асветніцкую дзейнасць.

«Галоўныя мэты інстытуту — падтрыманне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, стварэнне погляду на мінулае без аўтарытарных і ідэалагічных установак, захаванне памяці пра трагічныя перыяды гісторыі Беларусі, фармуляванне бачання на складаныя і неадназначныя тэмы гісторыі нашай краіны, а таксама папулярызацыя і прасоўванне нацыянальнага гістарычнага наратыву ў Беларусі і на міжнародным узроўні», — напісана на афіцыйным тэлеграм-канале «Інстытуту публічнай гісторыі».

Узначальваюць інстытут акадэмічны дырэктар, кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі і старшыня праўлення, журналіст, даследчык сталінскіх рэпрэсій Ігар Станкевіч. У склад інстытуту таксама ўваходзіць шэраг вядомых спецыялістаў у галіне гісторыі.

У тэлеграм-канале інстытуту плануюць публікаваць каментары гісторыкаў і экспертаў па актуальных падзеях у сферы палітыкі памяці і гістарычнай палітыкі ў Беларусі, апавядаць пра цікавыя імпрэзы і анансаваць найбольш важныя падзеі, звязаныя з беларускай гісторыяй.

budzma.org