Швецыя накіруе 430 тыс. еўра ў фонд падтрымкі беларускіх палітвязняў

Стакгольм. Ілюстрацыйнае фота: unsplash.com / Adam Gavlak

Урад Швецыі выдзеліць 5 млн крон (каля 430 тыс. еўра) для Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі палітвязняў Беларусі. Паводле інфармацыі “Парламенцкага канала”, пра гэта на Стакгольмскай канферэнцыі па Беларусі 21 траўня заявіў міністр міжнароднага развіцця, супрацы і знешняга гандлю Ёхан Форсель.

Пра тое, што чыноўнік мае намер абвясціць пра гэты крок, раней паведамляла прэс-служба шведскага ўрада.

На форуме, як сцвярджае “Парламенцкі канал”, Форсель заявіў, што “Швецыя дакладна падтрымлівае дэмакратычную Беларусь”.

30 красавіка галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў “Позірку”, што першы ўнёсак у фонд падтрымкі беларускіх палітвязняў зробіць Осла — 10 млн нарвежскіх крон (850 тыс. еўра).

Фонд накіраваны на падтрымку сем’яў рэпрэсаваных і былых палітвязняў. Гаворка пра медыцынскую дапамогу і рэабілітацыю, матэрыяльную і псіхалагічную дапамогу вызваленым палітвязням і асобам, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі. Распараджацца сродкамі фонду будуць беларускія арганізацыі і ініцыятывы, якія дапамагаюць палітвязням.

Паводле інфармацыі Вячоркі, Міністэрства замежных справаў Нарвегіі працуе над фармалізацыяй працы фонду. Уносіць сродкі змогуць урады краін, міжнародныя арганізацыі і іншыя донары.

З ініцыятывай стварыць такі фонд Ціханоўская выступіла пасля таго, як палітвязень, заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру ў 2022 годзе.

Беларускія праваабаронцы абвясцілі 21 траўня Днём салідарнасці з палітвязнямі — у гэты дзень у 2021 годзе ў шклоўскай калоніі № 17 (Магілёўская вобласць) пры загадкавых абставінах памёр актывіст Вітольд Ашурак.

На раніцу 21 траўня ў Беларусі 1.374 чалавекі, якіх праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі. Рэальная колькасць людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна большая.

pozirk.online