Праз бот плана «Перамога» з’явіліся заклікі галасаваць за спіс №5 «Законнасць і правапарадак», які ўзначальвае Аляксандр Азараў. nashaniva.com расказвае, што адбылося і чаму гэта можа быць небяспечна.
Сёння ўначы ўсім, хто хоць некалі запускаў чат-бот плана «Перамога», прыйшлі заклікі галасаваць у Каардынацыйную раду і падтрымаць спіс №5 «Законнасць і правапарадак».
Мы запыталіся ў Аляксандра Азарава, ці гэта арыгінальныя бот і рассылка — ён пацвердзіў, што рассылка не фэйкавая, а бот плана «Перамога» арыгінальны. Выглядае, што ён не бачыць ніякай праблемы ў гэтай сітуацыі.
«Мы рэгулярна праводзім рассылку, — напісаў Азараў у адным з публічных чатаў. — Чаго так усе нашы хейтары перапалохаліся. Павылазілі з усіх шчылін і пырскаюць слінай».
За ўзаемадзеянне з планам «Перамога» беларусам унутры краіны можа пагражаць адказнасць, ад адміністратыўнай да крымінальнай.
Нават калі вы раней вычышчалі тэлеграм-боты, выдаляючы з імі перапіску, то яны могуць дасылаць вам паведамленні. Паведамленне, атрыманае ад плана «Перамога», можа стварыць небяспеку для чалавека, калі гэтую рассылку пабачыць нехта непажаданы.
Тыя, хто хоча пачысціць сляды бота, могуць скарыстацца інструкцыяй з нашага сайта. Калі вы хочаце цалкам адвязаць ваш акаўнт ад усіх ботаў, якія вы запускалі за ўвесь час існавання акаўнта — выдаліце яго і перастварыце, інструкцыя тут.
Выбары ў Каардынацыйную раду адбудуцца з 25 па 27 мая. У іх удзельнічае больш за 200 кандыдатаў па дванаццаці спісах.