Азараў адмовіўся зьняцца з выбараў у Каардынацыйную раду пасьля патрабаваньня выбарчай камісіі

Аляксандар Азараў, архіўнае фота

Патрабаваньне выставілі пасьля скандалу з рассылкай агітацыі праз чат-бот пляну «Перамога».

Выбарчая камісія ў Каардынацыйную раду прапанавала Аляксандру Азараву зьняць сваю кандыдатуру з выбараў да 9:00 24 траўня, у іншым выпадку паабяцаўшы зьняць увесь сьпіс «Закон і правапарадак».

Прычына — у рассылцы чат-бота пляну «Перамога» і грэбаваньнi правіламі бясьпекі выбарнікаў.

Пасьля рассылкі прыходзілі сыгналы пра тое, што апавяшчэньні атрымалі нават людзі, якія даўно выдалілі чат-бот. Няпэўнасьцю скарысталіся сілавікі ў Беларусі, якія пасьля некалькіх затрыманьняў заявілі, што людзей затрымалі за рэгістрацыю ў пляне. Гэтая інфармацыя непацьверджаная, але пасьпела нарабіць розгаласу.

Сам Азараў на вечаровым паседжаньні 23 траўня заявіў, што не выключае, што скаргі на яго пад выглядам беларускіх грамадзян піша КДБ, каб дамагчымся выдаленьня яго з выбараў.

Раніцай 24 траўня зьявіўся адказ ByPol на заклік.

У ім паведамілі, што каманда «Закон і правапарадак» правяла нараду і большасьцю галасоў прыняла рашэньне падтрымліваць Аляксандра Азарава і пакінуць яго ў сьпісе.

У адказе ByPol заяўлена, што рашэньне Камісіі «па сваім зьмесьце зьяўляецца ультыматумам, выстаўленым лідэру выбарчага сьпісу.
Такі ўльтыматум ставіць у залежнасьць ад рашэньня лідэра выбарчага сьпісу рэалізацыю права і магчымасьці астатніх удзельнікаў сьпісу быць абранымі, што відавочна не адпавядае стандартам дэмакратычных выбараў».

ByPol патлумачыў, што чат-бот пляну «Перамога», які зьяўляецца сродкам камунікацыі зь беларусамі, быў выбраны ў тым ліку і ў якасьці сродку вядзеньня выбарчай кампаніі.

Каманда «Закон і правапарадак» заклікала камісію адкінуць эмоцыі і прыняць рашэнне ў адпаведнасці з вызначанымі правіламі аб працягу выбарчай кампаніі Сьпіса #5.

svaboda.org