У кватэрах кандыдатаў у КС ад кааліцыі Латушкі і іх сваякоў у Беларусі праходзяць ператрусы

Крыніца: тэлеграм-канал кааліцыі

Па месцы рэгістрацыі кандыдатаў у Каардынацыйную раду ад кааліцыі Паўла Латушкі ў Беларусі праходзяць ператрусы, паведаміла “Позірку” яе прэс-служба.

“У гэтыя гадзіны ідуць масавыя ператрусы ў кватэрах сябраў выбарчага камітэта “Каманда Латушкі і Рух “За свабоду”, які прымае ўдзел на выбарах у КС дэмсіл Беларусі, і іх сваякоў. У кватэры прыходзяць супрацоўнікі КДБ, здзяйсняюць ператрусы і арышт маёмасці. Нам ужо вядома пра 12 выпадкаў”, — удакладнілі ў кааліцыі.

Там актыўнасць спецслужбаў звязваюць з тым, што “рэжым [Аляксандра] Лукашэнка баіцца альтэрнатывы — выбараў у прадстаўнічы орган дэмакратычных сіл Беларусі”.

Як паведамлялася 21 траўня, Следчы камітэт узбудзіў крымінальныя справы супраць усіх удзельнікаў выбараў у КС. Ім пагражаюць адабраннем маёмасці.

Фігурантамі з’яўляюцца 257 чалавек, іх абвінавачваюць паводле арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады), 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару), 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання) і 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

Выбары ў Каардынацыйную раду пачнуцца 25 траўня і працягнуцца тры дні — да 23:59 27 траўня. Першае паседжанне КС трэцяга склікання чакаецца 15 чэрвеня.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў усе 12 кааліцый кандыдатаў на выбары ў трэці склад Каардынацыйнай рады “экстрэмісцкімі фармаваннямі”.

Кааліцыя “Каманда Латушкі і Рух “За свабоду” на выбарах у КС паведамляла пра затрыманні блізкіх у Беларусі 20 траўня.

У межах крымінальнай справы, узбуджанай раней у дачыненні да палітэмігрантаў за святкаванне 25 сакавіка за мяжой Дня Волі, у Беларусі па месцы іх жыхарства працягваюцца ператрусы. У эфіры тэлеканала АНТ напярэдадні агучаная інфармацыя аб накладанні арышту на кватэру Яны Латушкі — дачкі Паўла Латушкі.

Яна таксама вылучаецца ў КС па гэтым спісе.

Аб арышце прыналежнай ёй нерухомасці ў Менску ўпершыню паведамлялася больш за два гады таму.

pozirk.online