Аксана Колб — пераможца ў намінацыі «Журналіст года-2022», Наста Лойка — Праваабаронца году ў Беларусі

Назвалі Лаўрэатаў Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2022 год. Цырымонія адбылася ў Беларускім доме правоў чалавека ў Вільні.

Цяперашняя прэмія стала ўжо чатырнаццатай па ліку. У 2008-м годзе яе заснаваў «Праваабарончы альянс», з 2011 года прэмія прадстаўляе інтарэсы і меркаванне ўсей беларускай праваабарончай супольнасці.

На намінацыю «Журналіст/ка года» вылучаецца журналіст/ка альбо блогер/ка, які/якая цягам мінулага года найбольш актыўна і яскрава асвятляў/ла пытанні правоў чалавека ў Беларусі, альбо чые публікацыі, ТВ- ці радыёпраграмы мелі найвялікшы грамадскі рэзананс альбо ўплыў на вырашэнне праблем у галіне правоў чалавека і фундаметальных свабод у краіне.

Галоўны рэдактар газеты «Новы час» Аксана Колб была затрыманая 20 красавіка 2022 года. Ёй прад’явілі абвінавачанне ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». 15 чэрвеня спадарыню Аксану асудзілі на 2,5 гады «хіміі». Журналістка пакінула Беларусь.

У намінацыі «Праваабаронца года-2022» перамогу атрымала праваабаронца Наста Лойка.

Лаўрэата ў намінацыі «Праваабаронца года-2022» абвесціла прадстаўніца «Валанцёрскай службы Вясны» Любоў Ланіна. Па традыцыі, гэта робіць пераможца ў адпаведнай намінацы папярэдняга года. Але каардынатарка «Валанцёрскай службы Вясны» Марфа Рабкова, якая стала праваабаронцай года-2021, дагэтуль застаецца за кратамі.

Як адзначана, Наста зрабіла Вялікі ўнёсак у абарону правоў чалавека. За Насту ганаровы дыплом прэміі атрымала яе сяброўка Ксенія.

«Мне балюча атрымліваць прэмію за яе, бо Наста зараз у СІЗА. Але мне падаецца, што Наста б сёння сказала, што гэтая прэмія — у тым ліку гэта прызнанне ўсіх праваабаронак».

budzma.org