Першая беларуская анлайн-школа ва Украіне распачала набор на новы навучальны год

У Першую беларускую анлайн-школу ва Украіне распачаўся набор на новы навучальны год. Пра гэта паведаміла заснавальніца школы Анастасія Шпакоўская на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

«Пачынаем набор на новы навучальны год у Першую беларускую анлайн школу ва Украіне.
Адзіную школу,якая дае мажлівасць вывучаць прадметы беларускага вектара і атрымаць атэстат дзяржаўнага ўзору Украіны.

Шмат чаго адбылося за гады існавання школы,але вось у лічбах атрымалася так.

Агулам за 4 гады працы нашая школа дапамагла 217 дзецям з Беларусі у часовай ці пастаяннай магчымасці атрымліваць адукацыю. За час навучання мы здзейснілі тры выпускі навучэнцаў, агулам выдаўшы 42 атэстаты аб базавай адукацыі і 12 аб сярэдняй дзяржаўнага ўзору Украіны», — напісала Анастасія Шпакоўская.

Таксама заснавальніца школы адзначыла, што ў Першай анлайн-школе ва Украіне навучаюцца беларускія дзеці з 12 краін: Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Паўночнай Македоніі, Грузіі, Нямеччыны, Кіпра, Турэччыны, Партугаліі, ААЭ і Чарнагорыі.

«Таксама мы робім курсы для Беларусаў па суботах анлайн, дзе можна далучыцца да Беларускай мовы і літаратуры, гісторыі Беларусі і казачных урокаў з Маляванычам», — дадала Анастасія Шпакоўская.

Падрабязней пра школу па спасылцы.

Першая анлайн-школа ва Украіне працуе з кастрычніка 2020 года. Ідэя яе стварэння ўзнікла ў акторкі і спявачкі Анастасіі Шпакоўскай, якая ў канцы жніўня 2020 года была вымушаная з дзецьмі з’ехаць з Беларусі. 

budzma.org