Латушка звярнуўся ў Камісію фінансавага нагляду Польшчы ў сувязі з банкам Santander

Беларусы ў Польшчы сутыкнуліся з блакаваннем доступу да анлайн-банкінгу і дадатку банка Santander. Банк тлумачыў гэта «ўнутранымі дакументамі» і новымі правіламі.

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення звярнуўся з лістом у камісію фінансавага нагляду Польшчы ў сувязі з абмежаваннямі для беларусаў у банку Santander.

У сувязі з праблемамі, якія ўзніклі ў беларусаў з выкарыстаннем анлайн-банкінгу банка Santander, намеснік кіраўніцы АПК накіраваў у адрас камісіі ліст.

У прыватнасці, Павел Латушка папрасіў патлумачыць, ці маюцца якія-небудзь прадпісанні для банка Santander ад Камісіі фінансавага нагляду Польшчы наконт абмежавання беларусаў у карыстанні прадуктамі і паслугамі банка, альбо гэта толькі over-compliance (празмернае выкананне патрабаванняў) з боку банка.

Пры наяўнасці такіх прадпісанняў намеснік кіраўніцы Кабінета папрасіў удакладніць, якімі прававымі актамі кіруюцца ў дадзеным выпадку банк і Камісія фінансавага нагляду.

Нагадаем, што фінансавыя санкцыі ў дачыненні да грамадзян Беларусі ў Польшчы адсутнічаюць, за выключэннем абмежаванняў па дэпазітах у еўрапейскіх банках у памеры больш за 100 тысяч еўра.

«Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне заўсёды выступалі супраць якіх-небудзь абмежаванняў у адносінах да нявызначанага кола грамадзян Беларусі», — гаворыцца ў заяве АПК.

Нагадаем, што беларусы ў Польшчы сутыкнуліся з блакаваннем доступу да анлайн-банкінгу і дадаткам банка Santander. Банк тлумачыў гэта «ўнутранымі дакументамі» і новымі правіламі.

nashaniva.com