Андрэй Янушкевіч трапіў у шорт-ліст міжнароднай прэміі Prix Voltaire 2024

Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (IPA) абвясціла шорт-ліст прэміі Prix Voltaire 2024 у гонар выключнай мужнасці ў адстойванні свабоды публікацыі. Сёлета ў яго ўвайшлі пяць чалавек і арганізацый, якія прадэманстравалі стойкасць і адвагу перад тварам цэнзуры і прыгнёту, увасабляючы дух прэміі. Сярод іх і беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч.

Прэмія Voltaire з’яўляецца ўшанаваннем свабоды публікацыі, без якой многія формы свабоды выказвання былі б немагчымыя. Выдаўцы, якія забяспечваюць аўтараў інструментамі для распаўсюджвання іх ідэй, бяруць на сябе тыя ж рызыкі, што і самі пісьменнікі.

«Выдавецтва Янушкевіча кідае выклік уціску свабоды публікацыі ў Беларусі, дзе выдаўцы сутыкаюцца з пераследам, штрафамі і арыштамі за публікацыю кніг з крытыкай улады. Дырэктар Андрэй Янушкевіч сутыкнуўся з адвольнымі затрыманнямі, канфіскацыяй кніг і прызнаннем іх «экстрэмісцкімі». У 2023 годзе ён быў вымушаны ўцячы ў Польшчу, дзе працягнуў выдавацца і адкрыў кнігарню ў Варшаве.» — гаворыцца ў прэс-рэлізе на сайце прэміі.

Старшыня Камітэта IPA па свабодзе публікацый Крыстэн Эйнарсан адзначыла: «Сёлетні шорт-ліст паказвае, наколькі важныя выдаўцы для гарантавання свабоды выказвання і ролю, якую яны адыгрываюць у свабодзе чытання. Мы дзякуем ім усім за іх адвагу.»

Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (International Publishers Association, IPA) – гэта вядучая міжнародная арганізацыя, якая прадстаўляе інтарэсы выдавецкай супольнасці па ўсім свеце. Заснаваная ў 1896 годзе, IPA аб’ядноўвае нацыянальныя асацыяцыі выдаўцоў і асобныя выдавецтвы з розных краін, садзейнічаючы развіццю і абароне выдавецкай індустрыі на глабальным узроўні.

Разам з Андрэем Янушкевічам у шорт-ліст уключаныя:

  • Асман Кавала — турэцкі бізнесмен, які займаецца прасоўваннем культурнага абмену, правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў. Затрыманы ў кастрычніку 2017 года, у красавіку 2022 года ён быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення па абвінавачваннях, якія многія лічаць палітычна матываванымі.
  • Душан Гойкаў — сербскі радыёрэжысёр, драматург, паэт, празаік, кампазітар і выдавец. Ён заснаваў Балканскі літаратурны веснік у 1994 годзе і з’яўляецца аўтарам і выдаўцом вялікай колькасці кніг. Абаронца свабоды слова і генеральны сакратар ПЭН Армана, Гойкаў выступае за бяспеку аўтараў, якія знаходзяцца пад пагрозай, і за іх вываз у бяспечнае месца.
  • Асламбек Эжаеў — заснавальнік выдавецтва Ummah Publishing у 2002 годзе, якое выдае перакладную ісламскую літаратуру. Пасля неаднаразовых забаронаў судамі кніг як «экстрэмісцкіх», быў арыштаваны ў красавіку 2021 года па «абвінавачанні ў фінансаванні ісламскіх тэрарыстаў». У лютым 2023 года яго асудзілі на 17 гадоў пазбаўлення волі.
  • Самір Мансур, кнігарня і выдавецтва якога больш за 20 гадоў былі найважнейшай часткай мясцовай супольнасці ў Газе, выдаючы палестынскіх аўтараў і захоўваючы тысячы кніг на розных мовах. Разбураная ў 2021 годзе, адноўленая ў 2023-м, кнігарня зноў была пашкоджаная ў вайне паміж Ізраілем і ХАМАС.

Цырымонія ўручэння прэміі IPA Prix Voltaire 2024 адбудзецца на 34-м Міжнародным кангрэсе выдаўцоў у Гвадалахары, Мексіка, з 3 па 6 снежня 2024 г.

budzma.org