Палітык аналізуе вынікі выбарчай кампаніі ў Каардынацыйную раду, называе аб’ектыўныя прычыны нізкай яўкі і прызнае памылкі дэмакратычнай супольнасці.
«Учора завяршылася трохдзённае галасаванне на выбарах у Каардынацыйную раду. Удзел у выбарах прынялі 6 723 выбаршчыкі. Выбарчая камісія падводзіць вынікі выбараў, канчатковыя вынікі будуць абвешчаныя 8 чэрвеня.
Вядома, такая невялікая яўка — гэта не тое, чым мы б маглі ганарыцца. Мы разумеем прычыны такой яўкі. Сярод іх дакладна няма віны выбаршчыкаў. Ні адзін адэкватны палітык не можа сабе дазволіць вінаваціць людзей, выбаршчыкаў», — піша Павел Латушка.
Сярод аб’ектыўнай прычыны нізкай яўкі палітык называе велізарны супраціў з боку рэжыму Лукашэнкі; хвалю рэпрэсій і акцый запалохвання падчас выбараў; прызнанне ўсіх выбарчых спісаў «экстрэмісцкімі» і ўзбуджэнне 257 крымінальных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў выбараў, канфіскацыя маёмасці, ціск, затрыманні і арышты іх блізкіх.
«Толькі ў спісе «Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”» мы маем больш за 25 прыкладаў арыштаў маёмасці і рэпрэсій у дачыненні да сваякоў», — канстатуе Латушка.
Да таго ж перашкодай для выбарнікаў, паводле палітыка, сталі кібератакі на платформу для галасавання, блакаванні VPN.
«Гэта ў цэлым стан перманентнага тэрору і страху, у якім жывуць беларусы (і нават за мяжой) з 2020 года. Гэта дакладна не самыя лепшыя ўмовы для выбараў», — падкрэслівае ён.
Акрамя называных прычынаў нізкай колькасці выбарнікаў Павел Латушка прызнае памылкі прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці, у тым ліку ўласныя:
«Гэта і нашы памылкі, памылкі дэмсілаў, у тым ліку разнастайныя канфлікты, якія дыскрэдытуюць дэмсілы; гэта і «халасты год» кадэнцыі папярэдняга складу КР; гэта і доўгі супраціў ідэі прамых выбараў; гэта і барацьба за тэрміны, а таксама вельмі няўдалы кампраміс па іх», — прызнаецца палітык.
«Можна доўга працягваць, шукаць нейкія апраўданні. Але адзінае, што мы цяпер сапраўды можам апраўдаць — гэта аказаны давер тымі 7 тысячамі выбаршчыкаў, якіх нам усё ж такі ўдалося прыцягнуць, якія паверылі і даверылі нам свае галасы», — робіць выснову Павел Латушка.
Таксама Латушка лічыць неабходным «зрабіць усё», каб бліжэйшым часам колькасць беларусаў, гатовых выказаць давер дэмакратычным сілам, «вырасла ў дзясяткі, а паслязаўтра — у сотні разоў». Ён абяцае дасягнуць гэтай мэты праз «дзеянні, якія могуць дапамагчы дзясяткам або сотням тысяч беларусаў».