Прызначаная дата завочнага суду над праваабаронцам Леанідам Судаленкам

Леанид Судаленка пасля вызвалення

У Гомельскім абласным судзе на 12 чэрвеня прызначаная дата завочнага суду над былым палітвязням і праваабаронцам Леанідам Судаленкам. Новая крымінальная справа ў фармаце спецвытворчасці была ўзбуджаная ў лістападзе 2023 года. Леаніда абвінавачваюць па частках 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

Па інфармацыі “Гомельскай Вясны”, справу будзе разглядаць суддзя Анатоль Сотнікаў.

Леанід Судаленка – вядомы праваабаронца, з’яўляўся кіраўніком Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Быў затрыманы раніцай 18 студзеня 2021 г. па дарозе на офіс у межах крымінальнай справы, распачатай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

3 верасня 2021 г. у судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля распачаўся працэс. Суддзя Сяргей Салоўскі вынес пастанову, якой вырашыў праводзіць суд у закрытым пасяджэнні на працягу ўсяго разбіральніцтва. 3 лістапада 2021 Леаніда асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 

21 ліпеня 2023 года праваабаронца выйшаў на волю з ПК № 3, цалкам адбыўшы тэрмін і выехаў з краіны.

Каментуючы ўзбуджэнне спецвытворчасці Леанід Судаленка адзначаў, што як толькі 1 лістапада 2023 года супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу ў Гомельскім раённым СК, ён даслаў следчым паперу, дзе пазначыў, што праз рэпрэсіі быў вымушаны пакінуць краіну і пераехаць у Літву, і пакінуў ім свой літоўскі нумар мабільнага для сувязі. Аднак ніхто яму не адказаў: ні следчыя, ні адвакат, якога прызначыла дзяржава.

spring96.org