«Гульня ў пінг-понг». Чаму беларускім удзельнікам пастаноўкі «Ulenspiegel» не заплацілі

Афіша пастаноўкі Ulenspiegel

Паводле творчага калектыву, без уліку штрафных санкцый за пратэрміноўку і падаткаў сумарная запазычанасьць Беларускага моладзевага хабу перад трупай складае амаль 18 тысяч эўра.

Гісторыя пастаноўкі спэктакля «Ulenspiegel» («Уленшпігель») цягнецца з 2022 году, калі беларускі рэжысэр Юра Дзівакоў, які жыве і працуе ў Варшаве, выйграў конкурс на лепшую рэжысэрскую эксплікацыю спэктакля пра легендарнага героя Фляндрыі. Потым была паўза на год, спэктакль выйшаў толькі ў жніўні 2023 году. Яго спонсарамі і партнэрамі былі ўлады Фляндрыі (Flanders State of the Art), Беларускі Моладзевы Хаб (БМХ) і Тэатар TR Warszawa.

БМХ, якім у той час кіраваў Алесь Лапко, атрымаў сродкі на спэктакль ад эўрапейскага спонсара. Пасьпеў аплаціць арэнду пляцоўкі для рэпэтыцый і паказу спэктакля ў Тэатры TR Warszawa.

Так супала, што менавіта ў ліпені — жніўні 2023 году (калі завяршалася праца над спэктаклем) новым кіраўніком Беларускага моладзевага хабу стаў Сяргей Бульба, які стварыў у памяшканьні БМХ на пляцы Канстытуцыі ў Варшаве новую прастору «Робім разам». Грошай акторы і рэжысэр у выніку так і не атрымалі. Разабраліся, чаму так адбылося, і выслухалі ўсе тры бакі — рэжысэра Юрыя Дзівакова, былога кіраўніка Хабу — Алеся Лапко і новага — Сяргея Бульбу.

Былое памяшканьне Беларускага моладзевага хабу ў Варшаве

Дзівакоў: «За касьцюмы, дэкарацыі — ні капейкі»

Паводле Юры Дзівакова, для фінансаваньня праекту эўрапейскі донар (урад Фляндрыі) яшчэ вясной 2023 году пералічыў у Беларускі моладзевы хаб (Białoruski Młodzieżowy Hub) аванс для стварэньня і прэм’ернага паказу спэктакля ў памеры 49 тысяч эўра. Другая частка гранта прадугледжвала фінансаваньне гастрольнай дзейнасьці з гэтым спэктаклем і складала яшчэ 26 тысяч эўра. Юра Дзівакоў сьцьвярджае, што разьлічыцца з творчай трупай плянавалі 10 жніўня, на наступны дзень пасьля паказу ў Тэатры TR Warszawa.

«Але да гэтага часу, праз 9 месяцаў, наша праца над гэтым спэктаклем, які быў, безь перабольшваньня, створаны толькі намі — ад дэкарацый да напісаньня музыкі, так і не была аплачаная наогул. Я працаваў яшчэ як мастак і сцэнограф, гэта мае задумы. Кампазытар Мікіта Залатар напісаў музыку. Акторы самі рабілі дэкарацыі, прывозілі матэрыялы, фарбавалі, езьдзілі па інструмэнты. Тое самае і з касьцюмамі. Адзінае, што я бачыў, — дакумэнты на аплату пляцоўкі. Была аплачана арэнда тэатру для рэпэтыцый і паказу спэктакля. За касьцюмы, дэкарацыі ніхто не атрымаў ні капейкі. Больш за тое, мы ўкладалі свае грошы ў фарбу, рэквізыт. І нічога не вярнулі», — кажа Юра Дзівакоў.

Паводле творчага калектыву, без уліку штрафных санкцый за пратэрміноўку і падаткаў сумарная запазычанасьць Беларускага моладзевага хабу перад трупай складае амаль 18 тысяч эўра. Дзівакоў кажа, што ўсе шматлікія спробы вырашыць праблему шляхам угавораў і перамоў, зваротаў да ўсіх бакоў, якія ўдзельнічаюць, так ні да чога і не прывялі. Таму творчы калектыў зараз мае цьвёрды намер зьвярнуцца ў суд і шукае юрыстаў, якія дапамогуць скласьці калектыўны пазоў.

«Лапко кажа, што ўсе пытаньні да Бульбы, Бульба — да Лапко. Грошы да Хабу дайшлі. А цяпер ідзе такая гульня ў пінг-понг. Была халатнасьць і з боку Лапко, бо ён зьяўляецца каардынатарам і мадэратарам гэтай гісторыі, а цяпер адхрышчваецца. Магчыма, і Бульба ня ведае сытуацыі, ён ня ўнік. Альбо штосьці хаваюць, але самі вельмі моцна заблыталіся.

Тут ніхто нікога не абвінавачвае, паверце. Тут гісторыя пра тое, каб нарэшце нам прыйсьці да празрыстасьці. Ня ведаю, колькі год на гэта спатрэбіцца беларусам. Казалі, што Польшчы спатрэбілася 10 гадоў», — разважае рэжысэр Дзівакоў.

Цяпер тэатральная трупа шукае юрыстаў, хоча падаць калектыўны пазоў. Ідуць перамовы з адной польскай адвакацкай канторай, кажа Дзівакоў.

Алесь Лапко

Лапко: «Сяргей Бульба ўсе запыты ігнаруе»

Старшыня Беларускага моладзевага хабу Алесь Лапко, пры якім пачалася гэта «тэатральная гісторыя», сьцьвярджае, што праблема ўпіраецца ў тое, што менавіта ў ліпені — жніўні 2023 году ў асацыяцыі БМХ было зьмененае кіраўніцтва — Сяргей Бульба стаў яе дырэктарам.

«На рахунках арганізацыі заставаліся грошы для двух праектаў: „Уленшпігель“ (для ганарараў акторам, рэжысэру, аплаты тэхнічнага пэрсаналу). І другая сума там была: Беларускі моладзевы хаб быў арганізатарам „Тыдня беларускай культуры ў Варшаве“ (мы падтрымлівалі і мерапрыемствы ў іншых гарадах), быў таксама праект Русі „Варушняк“. Аплаты былі заплянаваныя на канец ліпеня — пачатак жніўня, а калі зьмянілася кіраўніцтва, Бульба ўжо нічога не заплаціў», — сьцьвярджае Лапко.

Паводле Аляксандра Лапко, у жніўні 2023 году на рахунках БМХ заставалася больш за 120 тысяч злотых (у розных валютах: і ў злотых, і ў эўра). Было дастаткова грошай, каб расплаціцца і з акторамі, рэжысэрамі за спэктакль «Уленшпігель», і па другім праекце.

«Я зьвяртаўся да Сяргея Бульбы, каб сустрэцца і абмеркаваць, як разьлічыцца зь людзьмі. Я пісаў і SMS, і ў WhatsApp. Я спрабаваў зьвязацца і празь людзей, якія з Бульбам даўно знаёмыя (Нінай Шыдлоўскай і іншымі) — каб яны выступілі мэдыятарамі. Тут пытаньне не пра мяне, а пра людзей — каб ім заплацілі. Бульба ўсе запыты ігнаруе», — кажа Алесь Лапко.

Сяргей Бульба

Бульба: «Мы вярнулі гэтыя сродкі ўладальнікам. У тым ліку і датчанам»

Пераемнік усіх актываў Беларускага моладзевага хабу Сяргей Бульба сьцьвярджае, што Алесь Лапко не перадаў яму дакумэнтацыю і матэрыяльна-тэхнічную базу БМХ.

«Лапко не прадастаўляў мне дакумэнты — ні па тэатры, ні па чым…

Нават аўдытарам не была прадстаўлена ўся дакумэнтацыя. Самае першае, што робіць старое кіраўніцтва, — перадае дакумэнтацыю пад росьпіс. Нам ніхто нічога не перадаваў. Калі перададуць, тады і гаварыць будзем. Што да спэктакля, праектнай дакумэнтацыі мы ня бачым, толькі праводкі па рахунках. Як мы мусім здагадвацца — хто з „Уленшпігеля“, а хто з „Варушняка“? Адкуль мы ведаем пра нейкі „Варушняк“?

Любы чалавек можа прыйсьці і сказаць нам: „Я ўдзельнік праекту — давайце мне грошы“. Я не падпісваў акт выкананьня работ па ніводным з праектаў. І ня бачыў праектнай дакумэнтацыі», — кажа Сяргей Бульба.

У той жа час Сяргей Бульба прызнае, што калі ў жніўні 2023 году ён стаў новым кіраўніком, сродкі на рахунках Беларускага моладзевага хабу заставаліся.

«Частку сродкаў Лапко пакінуў на рахунках, і там, дзе можна было без праектнай дакумэнтацыі вызначыць, што гэта за сродкі і адкуль, то мы па просьбах фундацый вярнулі гэтыя сродкі ўладальнікам. У тым ліку і датчанам. Так. Так…» — кажа Сяргей Бульба.

На ўдакладняльныя пытаньні Свабоды, каму канкрэтна вярнулі сродкі, якую канкрэтна суму, якім «датчанам», калі спонсарамі спэктакля «Ўленшпігель» быў урад Фляндрыі, а гэта Бэльгія, а ня Данія, Сяргей Бульба адказаў так:

«Я ня думаю што фундацыя дасьць мне дабро на разгалошваньне гэтай інфармацыі. Калі я публікаваў пералік фондаў і праектаў, па якіх Лапко не прадаставіў праектную дакумэнтацыю надзорчай радзе і аўдытарам — вас гэта не зацікавіла. А я пасьля той публікацыі пачуў ад фондаў, што няможна разгалошваць… Яны засталіся незадаволеныя», — кажа Сяргей Бульба.

svaboda.org