Павел Лібер: Беларусы стварылі сусьветны прэцэдэнт онлайн-выбараў

Стваральнік плятформаў «Голас» і «Новая Беларусь» Павал Лібер

Кіраўнік каманды распрацоўнікаў праграмы для галасаваньня Павел Лібер ацаніў вынікі выбараў у Каардынацыйную раду. На думку Паўла, камандзе ўдалося стварыць унікальны перадавы прадукт, які паказаў сябе як надзейнае рашэньне.

Сваё падсумаваньне выбарчага працэсу Павел Лібер апублікаваў у Facebook.

На думку распрацоўніка, выбары — гэта «ўнікальны сусьветны выпадак і прыклад да якога імкнецца куча стартапаў пра DAO або Network State. Яшчэ раз для тых, хто не зразумеў — беларусы і беларускі стварылі сусьветны прэцэдэнт онлайн-выбараў з выкарыстаньнем самых перадавых сусьветных падыходаў — гэта разумеюць назіральнікі, партнэры, аўдытары, якія ў захапленьні ад таго, што мы зрабілі».

І гэта ўсё, піша Павел Лібер, пры «прамым супрацьдзеяньні беларускага рэжыму».

Сама плятформа, паводле яго, «распрацоўвалася амаль 1,5 года, пад саму Новую Беларусь, большай часткай за свае грошы, але ўсё роўна з прыцягненьнем партнэрскіх/донарскіх сродкаў. Ізаляванасьць дадзеных, інфармацыйная і кібэрбясьпека правяраліся аўдытарамі, іх працу аплачваў партнэр для незалежнасьці працэсу».

Павел Лібер падзякаваў за падтрымку і партнэрства кібэрпартызанам і пералічыў праблемныя моманты, сярод якіх абмежаваньне перавыпуску лічбавага id і транзакцыя ў блокчэйн, якая магла займаць да хвіліны і ў выпадку разрыву сувязі чалавеку нельга было прагаласаваць нанова.

Выбары у Каардынацыйную раду трэцяга складу прайшлі 25–27 траўня. У галасаваньні прынялі ўдзел 6723 чалавекі. Яны галасавалі за адзін з 11 выбарчых сьпісаў.

Мандаты разьмеркаваліся наступным чынам:

  • Каманда Латушкі і рух «За Свабоду» — 28 мандатаў
  • Блёк Пракоп’ева-Ягорава — 13 мандатаў
  • «Еўрапейскі выбар» — 8 мандатаў
  • «Незалежныя беларусы» — 8 мандатаў
  • «Моладзевы наступ» — 8 мандатаў
  • «Наша справа» — 6 мандатаў
  • «Воля» — 6 мандатаў
  • «Хопіць баяцца» — 3 мандаты

Блёкі «Голас дыяспар — адзінства над межамі», «Краіна для жыцьця» і «Салідарнасьць» не пераадолелі трохадсоткавы бар’ер.

svaboda.org