Гродзенскі гарвыканкам адказаў гараджанам, якія збіралі подпісы пад петыцыяй за ўстаноўку помніка Васілю Быкаву ў Горадні. Афіцыйны адказ быў апублікаваны на сайце Petitions.by.

Паводле дакумента, які падпісаны намесніцай старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зояй Кулешай: “Стварэнне і ўсталяванне падобных аб’ектаў нармуецца палажэннем аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва”.

З гэтага вынікае, што ўсталяванне помнікаў гістарычным асобам не ўваходзіць у кампетэнцыі гарвыканкама. Паводле палажэння на якое спасылаецца старшыня Гродзенскага гарвыканкама, помнікі ў абласных цэнтрах можна ставіць толькі на падставе рашэнняў аблвыканкама. Праект помніка павінен таксама атрымаць заключэнне Міністэрства культуры і прайсці ўзгадненне ў прэзідэнта. Знешні выгляд і архітэктурнае рашэнне зацвярджае рэспубліканская мастацка-экспертная рада.

У сваёй петыцыі гарадзенцы збіралі подпісы пад просьбай усталяваць у Горадні помнік пісьменніку Васілю Быкаву, які жыў у горадзе з 1947 па 1949 і з 1955 па 1972 гады. Яны спасылаліся на тое, што ў “Гродне, дзе жыў і працаваў Васіль Быкаў яго імя не ўвекавечана належным чынам”. Агулам пад петыцыяй падпісаўся 31 чалавек.

bellit.info