Рада БНР выпусьціла марку да 100-годзьдзя Васіля Быкава

Марка да 100-годзьдзя Васіля Быкава

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выпусьціла марку да 100-годзьдзя Васіля Быкава. Пра гэта Свабодзе расказаў намесьнік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык.

Паводле яго, яшчэ ў пачатку 2024 году Рада БНР прапанавала абвясьціць цяперашні год Годам Васіля Быкава — 19 чэрвеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня выбітнага беларускага пісьменьніка.

«Гэтую ініцыятыву падтрымалі ў асяродках дыяспары. У Польшчы, Літве, ЗША, Канадзе пройдуць прысьвечаныя Быкаву імпрэзы. У Славянскай бібліятэцы ў Празе адбудзецца канфэрэнцыя і адкрыецца адмысловая выстава, якая будзе працаваць усё лета. Таксама Рада БНР прафінансавала выданьне кнігі „Быкаў-100“ з выбранымі цытатамі Васіля Быкава і ўспамінамі пра яго», — расказаў Сяргей Навумчык.

Днямі ў Празе Рада БНР выпусьціла марку, прысьвечаную Васілю Быкаву. Эскіз маркі зрабіў беларускі мастак (імя яго не называюць дзеля ягонай бясьпекі), скарыстаўшы фатаздымак вядомага беларускага фатографа Ўладзімера Кармілкіна пачатку 90-х гадоў.

«Калі выкарыстоўваць паштовыя і філятэлістычныя тэрміны, дык гэта купон, але ў счэпцы з афіцыйнай маркай Чэскай Рэспублікі ён зьяўляецца дзейсным знакам паштовай аплаты», — сказаў Сяргей Навумчык.

Паводле яго, марку выпусьцілі ў дзьвюх вэрсіях — для ўнутраных і для міжнародных паштовых адпраўленьняў, з выкарыстаньнем так званых «літарных» наміналаў (калі пазначаецца не канкрэтная цана, скажам 10 крон, а лацінская літара В, у такім выпадку пры росьце кошту паштовых паслуг ня трэба клеіць на канвэрт дадатковую марку).

Маркі плянуюць распаўсюджваць пераважна ў дыяспары, але будуць таксама шукаць магчымасьць, каб хоць невялікая частка марак трапіла філятэлістам у Беларусь.

svaboda.org