Канферэнцыю «Новая Беларусь» пераносяць з Варшавы ў Вільню. Прычына вас здзівіць

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

3-4 жніўня Офіс Святланы Ціханоўскай ладзіць трэцюю канферэнцыю «Новая Беларусь». Сёлета падзея адбудзецца ў Вільні, хоць спачатку арганізатары планавалі ў Варшаве. Прычына гэтага незвычайная.

Пра тое, чаму канферэнцыю перанеслі, «Нашай Ніве» расказаў Данііл Гаркавы, кіраўнік аддзела па знешніх сувязях Офіса Святланы Ціханоўскай.

Перанос у першую чаргу звязаны з меркаваннямі бяспекі.

Але на рашэнне паўплывала і тое, што 2 жніўня ў Варшаве выступае суперпапулярная амерыканская спявачка Тэйлар Свіфт: «Квіткі на гатэлі і самалёты або цягнікі для ўдзельнікаў з іншых краін каштавалі б непад’ёмна шмат, гэта неабгрунтаваныя расходы для дэмакратычнага руху».

Пра якія цэны ідзе гаворка? Вось некалькі лічбаў.

Калі казаць пра гатэлі, то на сайце Booking.com у пачатку жніўня можна забраніраваць аднамесны нумар бліжэй да цэнтра Варшавы па цэнах недзе ад 250-300 еўра. Прамыя білеты на самалёт у Варшаву 2 жніўня, то-бок за дзень да канферэнцыі, каштуюць цяпер ад 123 еўра з вылетам з Берліна, ад 248 еўра з вылетам з Вільні і ад 200 еўра, калі вылятаць з Рыгі.

На канцэрты Тэйлар Свіфт збіраецца столькі фанатаў, што іх танцы і тупат нават выклікаюць невялікія землятрусы, як днямі было ў Шатландыі.

nashaniva.com