«Тое, што сістэма робіць з нашымі блізкімі, мае назву – катаванні»: Святлана Ціханоўская – на слуханнях па палітычных зняволеных у кангрэсе ЗША

Падчас працоўнага візіту ў Вашынгтон беларуская лідарка ўзяла ўдзел у слуханнях Хельсінкскай камісіі – камісіі ЗША па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе. Гэта незалежны орган амерыканскага ўраду па абароне правоў чалавека, створаны для маніторынгу хельсінкскіх пагадненняў

У прамове беларуская лідарка акцэнтавала ўвагу на штодзённых рэпрэсіях у краіне і жахлівыя ўмовы ўтрымання людзей у турмах – і заклікала сусветную супольнасць узмацніць ціск на рэжым, каб як мага хутчэй вызваліць людзей з-за кратаў.

Галоўнае з выступу Святланы Ціханоўскай:

📌 «Людзі за кратамі знаходзяцца ў поўнай ізаляцыі. Можа быць, раз у дзень яны могуць убачыць неба падчас кароткай прагулкі па турэмным двары. Яны пазбаўленыя медычнай, юрыдычнай дапамогі і сувязі са светам. Тое, што сістэма робіць з нашымі блізкімі, мае назву – катаванні».

📌 «Калі вы знаходзіцеся ў руках КДБ, вашыя шанцы на вызваленне блізкія да нуля. Яны запішуць відэа, дзе вы прызнаеце сябе вінаватым у злачынствах, якіх не здзяйснялі. КДБ размяшчае відэа на YouTube у якасці рэкламы, каб пасеяць страх і безнадзейнасць».

📌 «Для палітвязняў і іх сем’яў існуе такая форма катаванняў, як рэжым інкамунікада. Гэта калі палітвязні не атрымліваюць ні слова ад сваіх сваякоў. Большасць маці не могуць пражыць і дня без таго, каб не патэлефанаваць сваім дзецям. Але ў бацькоў палітвязняў няма такой раскошы».

📌 «Палітвязні – не толькі палітычнае, але і гуманітарнае пытанне. Я прашу ЗША падтрымаць наш заклік да Генеральнага сакратара ААН забяспечыць доступ да тых, хто за кратамі. Мы павінны прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Суддзі, пракуроры, адміністратары калоній, прапагандысты, Лукашэнка і ўсе яго набліжаныя павінны ведаць, што кожнае злачынства будзе задакументавана і пераследвацца па законе».

tsikhanouskaya.org