Марына Шыбко распавяла «Народнай Волі», што ў гэтым годзе пакуль не атрымала ніводнага ліста ад мужа.
Нагадаем: у мінулым годзе ў Мінскім абласным судзе быў вынесены прысуд па справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады».
На лаве падсудных знаходзіліся палітолаг, журналіст і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, юрыст Юрый Зянковіч, супрацоўніца яго мінскага офіса Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук.
У выніку Юрый Зянковіч атрымаў 11 гадоў зняволення, Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў – па 10 гадоў, Дзяніс Краўчук і Вольга Галубовіч – па 2,5 года пазбаўлення волі.
Аляксандр Фядута быў накіраваны адбываць пакаранне ў Магілёўскую калонію, але патрапіў у турэмную бальніцу амаль адразу пасля пераводу ў папраўчую ўстанову: абвастрыліся праблемы з сэрцам, з’явіліся ацёкі.
“Апошні ліст ад мужа быў 26 снежня мінулага года, – кажа Марына Шыбко, жонка Аляксандра Фядуты. – Тады ён паведаміў пра свае праблемы са здароўем і пра тое, што з турэмнай бальніцы выйдзе напачатку гэтага года. Таму, мяркую, Аляксандр ужо ў атрадзе.
У лістах муж таксама распавёў, што ў год дазволена перадаваць дзве кніжныя бандэролі, у кожнай з якіх не больш за пяць кніг. Гэта яго вельмі засмуціла, бо дзесяць кніг у год – вельмі мала. Ён напісаў, над чым яшчэ збіраецца працаваць, таму трэба будзе замаўляць пэўныя кнігі…”
Па словах Марыны Шыбко, яе не здзівіла, што муж трапіў у турэмную бальніцу.
“У яго, як вядома, яшчэ ў СІЗА былі досыць вялікія праблемы са здароўем, нават кропельніцы ставілі, – адзначае суразмоўца. – А зараз, відаць, хваробы абвастрыліся. У апошнім лісце Саша напісаў, што дашле мне спіс лекаў, якія яму парэкамендуюць дактары, але, як ужо казала, у гэтым годзе ніякіх паведамленняў ад яго пакуль не атрымлівала. Чакаю…”