Унутры Каардынацыйнай рады працягвае тлець канфлікт, звязаны з вызначэннем правілаў, па якіх варта гуляць органу трэцяга склікання. Гэткая бітва паміж спісамі з узаемнымі абвінавачваннямі. На гэтым фоне ўзнікае рызыка сыходу са складу КР чарговых людзей. Такое меркаванне агучыў эканаміст і бізнэсовец Аляксандр Кныровіч з «Блока Пракоп’ева-Ягорава».
«Наша Ніва» распытала яго пра закуліссе канфлікту больш падрабязна.
Сцісла нагадаем храналогію разборак:
Пяць спісаў (агулам 66% складу КР — гэта каманда Латушкі i рух «За свабоду», «Еўрапейскі выбар», «Незалежныя беларусы», «Воля», «Хопіць баяцца») вырашылі змяніць статут Каардынацыйнай рады. Гэтаму супраціўляецца «апазіцыя» — блок Пракоп’ева-Ягорава, «Моладзевы наступ» і каманда Розы Турарбекавай «Наша справа». Яны не хочуць падпарадкоўвацца Латушку і вінавацяць яго ў спробе ўзурпацыі ўлады.
Тут Павел Латушка тлумачыў сваю пазіцыю, у тым ліку адстойваючы права сумяшчаць працу ў КР і Аб’яднаным пераходным кабінеце. Якраз гэта, сярод іншага, і справакавала канфлікт (у статуце Каардынацыйнай рады другога склікання запісаны пункт, паводле якога нельга спалучаць «міністэрскую» пасаду ў кабінеце Святланы Ціханоўскай і статус дэпутата КР).
Аляксандр Кныровіч перакананы, што, калі Павел Латушка і хацеў сумяшчаць мандаты, то мог прыйсці да такой опцыі мірна.
«У нас нарадзілася юрыдычная калізія — яны (Павел Латушка і Аліна Коўшык — «НН») абраліся, у іх ёсць мандаты, але яны не маглі паралельна быць дэлегатамі. Цягам двух тыдняў яны павінны былі скласці паўнамоцтвы ці тут, ці там. Ці можна было з такой нагоды не ўступаць у правы дэлегата, каб іх спісы, якія сапраўды маюць большасць, не гвалтам, а шляхам узгаднення з іншымі ўдзельнікамі прынялі б нейкае новае рашэнне? І гэта было б у рамках рэгламенту, у межах мемарандума, які быў падпісаны перад выбарамі.
Разумееце, мы ўсе разам, 12 блокаў, падпісалі гэты мемарандум, і там быў сказ пра павагу да рэгламенту КР, да яго правілаў і законаў. Так бы мовіць: прытрымлівайцеся правілаў дарожнага руху, і ніхто не будзе з вамі канфліктаваць. У нас жа адбылося супрацьлеглае:
Павел Латушка, напляваўшы на ўсе нормы, прымае ўдзел у галасаванні, і на галасаванне выносіцца першае рашэнне аб спыненні дзейнасці статута — ключавога дакумента, па якім дзейнічае ўся КР.
І ў гэтым галасаванні прымае ўдзел сам Павел Латушка як дэлегат. Пасля гэтага ўвогуле можна было падымацца і сыходзіць, таму што гэта забаронена», — даводзіць сваю пазіцыю суразмоўца.
У выніку, па словах Кныровіча, складваецца двухсэнсоўнасць: той бок лічыць, што, раз большасць прагаласавала ЗА, то стары статут больш не дзейнічае.
«Але мы лічым іначай. Паколькі ў статуце запісана, што змяненні ўносяцца дзвюма трацінамі галасоў, а ў нас атрымалася 48 галасоў супраць 27 галасоў (64% — «НН»), то прыпыненне, а фактычна ліквідацыя папярэдняга статута не можа быць праведзеная. Статут для КР — гэта Канстытуцыя. І таму тое, што ў выніку адбываецца, для нас — гэта пералом КР праз калена. Я называю гэта кааліцыяй кабінетнай большасці, якая заявіла пра тое, што яны цяпер — улада.
І няхай бы КР ламалася ў імя добрых мэт — «мы зараз створым не такую шырокую, але ўсё ж арганізацыю, якая будзе несці дабро». Але тое, што я цяпер бачу — гэта ўзрушальная ўрачыстасць невуцтва. Дыскрэдытацыя і дэградацыя КР. Чаго вартае было жаданне адкрыць публічны доступ да чату «Дыскурс», дзе ў пэўны момант былі актыўнымі розныя людзі, у тым ліку з Беларусі, для каго гэта небяспечна. Ці тое, як непісьменна была складзеная дэкларацыя аб непрымальнасці экстрадыцыі Андрэя Гнёта. Папярэдняя КР, можа, не была самай эфектыўнай, але дакументы там складаліся пісьменна».
Кныровіч лічыць, што сітуацыю можна вырашыць толькі поўным выкананнем статутных дакументаў:
«Калі Павел Латушка з яго кабінетнай большасцю, якая кіруе цяпер працэсам, будзе прытрымлівацца базавых дакументаў, якія ён падпісаў сам, і будзе размаўляць з людзьмі як з партнёрамі, на роўных, тады нешта вырашыцца, іншага спосабу няма».
Ужо пасля размовы са спадаром Кныровічам у тэлеграм-канале КР з’явілася паведамленне пра старт працы над новай рэдакцыяй Статута. 22 чэрвеня абяцаюць правесці рабочую сесію па фіналізацыі правак і прапаноў. А 25 чэрвеня — галасаванне за новую версію рэгламенту КР, які будзе лічыцца прынятым, калі за яго прагаласуе 2/3 дэлегатаў.
Пакуль жа Аляксандр Кныровіч не выключае, што, калі разборкі не скончацца, шэрагі КР будуць пакідаць людзі.
«На гэты момант я застаюся ў КР і планую ўказваць на кожнае парушэнне, кожныя ляп і памылку — столькі, на колькі мне хопіць сіл. Таму што за мяне прагаласавалі людзі, я выдаткаваў на КР частку свайго жыцця. Пазіцыя, што нехта там — большасць, таму іншым не трэба цяўкаць, мяне не задавальняе. Але тое, як будуць развівацца падзеі далей, якія адказы я атрымаю ад Паўла Латушкі — гэта ўсё паўплывае на мае дзеянні ўнутры КР.
Але больш за ўсё мяне пужае, што ў Радзе ёсць куды больш інтэлігентныя за мяне людзі, якія фактычна знаходзяцца ў адным кроку ад выхаду адтуль. У першую чаргу — Роза Турарбекава, напрыклад. Калі яна на гэта наважыцца, узровень калектыўнага IQ у КР адразу ўпадзе працэнтаў на 30».