У гэтым праекце пад назвай «На пачатку было слова» новы вядоўца ютуб-канала «Годна» Ілля Сіўцоў будзе разбірацца ў цікавых пытаннях беларускай мовы, захоўваць і абараняць беларускую лексіку ад хаатычнага выкрэслівання і забыцця.
Вы часта ўнікаеце некаторых словаў, бо яны падаюцца расійскімі? Напрыклад, словы «знаць», «расказаць» і «скора»?
У першым выпуску Ілля Сіўцоў дзеліцца гісторыяй і сапраўдным значэннем такіх словаў, а таксама распавядае, якія словы з’яўляюцца сапраўды беларускай лексікай і чаму хаатычнае выкрэсліванне словаў з маўлення можа прывесці да страты нашай моўнай спадчыны.
Сам Ілля кажа: «Я натхняюся нашым моўным багаццем і бясконцымі цікавінкамі ў беларускай мове, вельмі рады дзяліцца імі з людзьмі. Спадзяюся, наш праект будзе цікавы і карысны для ўсіх, хто таксама натхняецца нашай мовай і хоча ўдасканаліць свае веды».
У наступных выпусках гаворка пойдзе пра: дыялекты і рэгіянальныя асаблівасці, правапіс Яна Станкевіча, выразы, каб ажывіць сваю размоўную мову і мноства іншага.