Пра стагоддзе Быкава, на якое ўлады забыліся

Стагоддзе Васіля Быкава ў самой Беларусі прайшло малазаўважна.

Усе ўлады рыхтуюцца да прыдуманага імі ж свята 3 ліпеня. Тут вам з гэтай нагоды і розныя парады, і канцэрты, і акцыі запланаваныя. І расцягнецца ўсё гэта шчасце ажно на некалькі дзён. А вось пра 100-годдзе Быкава, знакавага для ўсіх беларусаў пісьменніка, на галоўнай старонцы адной рэспубліканскай дзяржаўнай агенцыі была толькі маленькая зацемка ў самым нізе. Ды і тое, згубілася недзе пасярод інфармацый пра тое, што выстаўку расейскіх і беларускіх мастакоў прадставяць у верасні ў Санкт-Пецярбргу, а песні ваенных год прагучаць у камернай зале. Я ўсё чакала: а раптам забыліся і хаця б на наступны дзень адумаюцца, нейкую інфаграфіку зробяць, невядомыя факты з біяграфіі напішуць, дадуць словы якому літаратару, каб згадаў. Не, не дачакалася. На 100-годдзе Быкава дзяржаўная рэспубліканская агенцыя ціхенька размясціла толькі інфармацыю пра тое, што праводзяць праграму “Знаёмы незнаёмы Быкаў” у музеі-дачы пісьменніка. І на гэтым усё. Як той казаў, кіна не будзе.

Затое ў топ-навінах было і пра падрыхтоўку да ўборачнай кампаніі, і пра Кітай, і пра вахту памяці. Карацей, пра ўсё на свеце. Акрамя згадкі пра Быкава.

racyja.com