Урад Польшчы ведае пра праблемы беларусаў і гатовы іх вырашаць.
Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы будзе і надалей спрыяць вырашэнню праблем, звязаных з легалізацыяй грамадзян Беларусі – адзначыў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Мацей Душчык падчас размовы з намеснікам кіраўніцы АПК Беларусі, кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам.
Павел Латушка праінфармаваў аб праблемах, якія агучвалі прадстаўнікі беларускай дыяспары падчас сустрэч, якія прайшлі ў траўні ў гарадах Польшчы, асабліва закрануў праблему працяглага чакання афармлення дакументаў у Вроцлаве і Ніжнесілезскім ваяводстве. Кіраўнік НАУ таксама распавёў аб сустрэчы з Ніжнесілезскім ваяводам Мацеем Авіжэнем, падчас якой абмяркоўваліся шляхі вырашэння праблем з выдачай дакументаў грамадзянам Беларусі.
Асобна Павел Латушка звярнуў увагу на праблемы легальнага працаўладкавання, выезду за межы Польшчы і затрыманняў з магчымай дэпартацыяй пры адсутнасці дакументаў. Мацей Душчык пацвердзіў, што атрымаў зварот Паўла Латушкі па сітуацыі з беларусамі Ніжнесілезскага ваяводства і мае разуменне важнасці вырашэння праблемаў.
Намеснік міністра звярнуў увагу, што праблема з паскарэннем працэдур выдачы дакументаў для беларусаў звязаная, перш за ўсё, з недахопам штатнай колькасці ў аддзелах па грамадзянскіх справах ваяводстваў з-за прыбыцця ў Польшчу вялікай колькасці бежанцаў.
Мацей Душчык запэўніў, што ў бліжэйшыя дні вернецца да разгляду спосабаў вырашэння дадзеных праблем. Дасягнута дамоўленасць падтрымліваць працоўны кантакт як з Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, так і з ваяводскім упраўленнем у Вроцлаве.