Валер Кавалеўскі абвесціў пра адстаўку з пасады прадстаўніка ў міжнародных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету. У адмысловай заяве ён згадаў «разыходжанні ў стратэгічным бачанні шляхоў дасягнення мэтаў дэмакратычнага руху», аднак больш падрабязна казаць пра гэта адмовіўся. Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка настойвае, што ніякай катастрофы не адбылося.
Валер Кавалеўскі – фактычна міністр замежных справаў у Аб’яднаным пераходным кабінеце – паведаміў пра адстаўку ў сваім Facebook:
«На гэтым напрамку з’явіліся разыходжанні ў стратэгічным бачанні шляхоў дасягнення мэтаў дэмакратычнага руху, у арганізацыі і тактыцы вядзення працы, а таксама ў падыходах да ўнутранай палітыкі».
Палітык адмовіўся тлумачыць, якія менавіта «разыходжанні» і з кім яны ўзніклі. «Даруйце, ніякіх дадатковых каментароў у мяне няма на гэты конт», – сказаў Кавалеўскі «Белсату».
Дыпламат таксама адзначыў: далейшых планаў яшчэ не мае, а што датычыць праекту пашпарта Новай Беларусі, то «ім займаюцца шмат хто – і Офіс Святланы Ціханоўскай, і ў Кабінеце, таму знойдуцца людзі, якія працягнуць гэтую працу».
Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская прызначыла дыпламата Уладзіміра Астапенку выканальнікам абавязкаў прадстаўніка ў міжнародных справах Кабінету, ён узначальвае Місію дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі і быў намеснікам Кавалеўскага.
«Удзячная Валеру Кавалеўскаму за тры з паловай гады супольнай працы, спачатку ў Офісе, а потым і ў Кабінеце. Сярод іншага, спадар Валер уздымаў пытанне Беларусі на міжнародных форумах і ў арганізацыях, арганізаваў працу Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі, дапамагаў вырашаць пытанні беларусаў за мяжой», – цытуе Ціханоўскую Telegram-канал Пераходнага кабінету.
«Белсат» спытаў у прэс-сакратаркі Ціханоўскай Ганны Красулінай, што за разыходжанні здарыліся ў Кабінеце і чаму ў выніку сышоў Кавалеўскі, але адказу не атрымаў:
«Кабінет выйшаў менавіта з такой заявай. Сказалі тое, што палічылі патрэбным».
Астапенка на просьбу пра каментар не адказаў.
Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў размове з «Белсатам» прызнаўся, што не мае адказу на пытанне, чаму насамрэч сышоў Кавалеўскі:
«Я не скажу, што мы не чакалі, таму што ён казаў пра такую магчымасць яшчэ некалькі месяцаў назад. Дзесьці не дамовіліся, дзесьці, можа, не ўсе вытрымліваюць вялікую дыстанцыю. Складана сказаць. Не было такіх разыходжанняў, якія немагчыма вырашыць».
Цяпер спадар Валер перадае справы пераемніку, «каб праца не спынялася». «Цяпер складаная сітуацыя, таму што арганізаваць працу без Валера, зрабіць, каб тыя праекты, якія ён вёў, працягваліся, – гэта вялікая задача», – адзначыў Вячорка.
Дарадца Ціханоўскай упэўнены, што аніякага скандалу ў звальненні Кавалеўскага няма, хаця гэта «вялікая страта для дэмакратычнага руху, як і сыход кожнай асобы, бо чарга ахвотных у палітычныя структуры не стаіць»:
«Не думаю, што тут ёсць вінаватыя, не думаю, што трэба шукаць вінаватых. Не думаю, што тут ёсць нейкі крызіс, канфлікт і скандал, які з гэтага трэба рабіць. Гэта проста новая сітуацыя, і трэба арганізаваць працу, каб яна працягвалася».
Вячорка таксама адмовіўся лічыць здрадаю ўчынак Кавалеўскага, які абяцаў пашпарт Новай Беларусі і візавыя палёгкі для беларусаў – і сышоў:
«Трэба па-чалавечы ставіцца да тых людзей, якія працуюць у палітычных структурах, таму што кожны з нас чалавек, у кожнага ёсць межы, не ўсе могуць вытрымаць гэтую працу. Я не кажу, што Валер такі: Валер – моцны чалавек, з моцнай пазіцыяй. Я б не называў нікога здраднікам».
Пры гэтым праект пашпарта сапраўды, можна сказаць, павіс:
«Належыць яшчэ разабрацца, як далей ісці ў пашпартным праекце, хто будзе за яго адказваць».
Палітолаг Павел Усаў назваў адстаўку Кавалеўскага «сведчаннем глыбокага крызісу бессістэмнасці і бязлідарства Кабінету і агульнага ідэалагічнага і структурнага банкруцтва Офісу і Кабінету».
«Для «дзеячаў» стала відавочнаю бесперспектыўнасць і бессэнсоўнасць дзеяння АПК, паглыбленне ўнутранага крызісу», – напісаў Усаў у сваім Telegram-канале.
«Я не бачу браку лідарства, я бачу, што ў Кабінеце сабраліся людзі місійныя, ахвотныя, якія ахвяруюць усім. Праца ў Кабінеце для многіх увогуле валанцёрская, неаплатная. Людзі адклалі ўсе свае справы, кінулі свае кар’еры і робяць досыць складаную працу», – адказаў на гэта Франак Вячорка.
«Пакуль пра канец у палітыцы гаварыць рана. Фігура ён заўважная, медыйная, вядомая, так што, магчыма, і будзе яшчэ палітычная будучыня», – сказаў пра Кавалеўскага палітычны аналітык, гісторык Аляксандр Фрыдман.
У каментары «Белсату» эксперт звярнуў увагу на дыпламатычнасць заявы Кавалеўскага пра адстаўку: пра разыходжанні сказаў, аднак нават не зрабіў намёку, што за яны і з кім былі.
«Ён гэтым тэкстам нешта сказаў, але не так шмат і сказаў. І калі ён пісаў гэты тэкст, відавочна, ён узважваў кожнае слова. Таму там няма нічога асабістага, людзей, з якімі маглі быць канфлікты, няма, яны ў гэтым тэксце наўпрост не згадваюцца», – адзначыў Фрыдман.
Суразмоўца падкрэсліў, што сапраўдныя прычыны звальнення можа сказаць толькі сам Кавалеўскі: «Можа, калі-небудзь ён напіша мемуары, і з гэтых мемуараў мы даведаемся, пра што там ішла гаворка».
Суразмоўца «Белсату» пры гэтым не выключыў, што дыпламат сышоў, бо не ўбачыў перспектываў:
«Магчымы варыянт, што ён пастанавіў сысці, бо яму проста ўся гэтая справа надакучыла. Магчыма, там ёсць сур’ёзныя разыходжанні і яму «дапамаглі» сысці. Магчыма, прыйшоў да высновы, што праца на беларускім кірунку ў гэты момант бесперспектыўная, а ён малады, напэўна, пастанавіў пашукаць для сябе чагосьці больш цікавага. Неабавязкова, што там былі спрэчкі і канфлікты. Нейкія канфлікты, сваркі – апошняе, што патрэбна беларускім дэмакратычным сілам».
Паводле Фрыдмана, з працаўладкаваннем у Кавалеўскага праблемаў не будзе:
«Кавалеўскі – самастойная фігура, гэта не тая асоба, якая бачыла сябе выключна ў беларускім дэмакратычным руху. У яго ёсць досвед жыцця і працы ў Злучаных Штатах, мяркую, у яго не будзе вялікіх праблемаў з працаўладкаваннем, у яго ёсць сувязі, досвед, адпаведныя кампетэнцыі. Менавіта гэта тут і падкрэсліваецца, што ён сапраўды кампетэнтны чалавек, які разумее Захад, а выбудова стасункаў з Захадам, пераважна, са Злучанымі Штатамі – галоўны кірунак дзейнасці беларускіх дэмакратычных сілаў».
Сыход дыпламата з Кабінету аналітык назваў «стратаю штучнага кадра»:
«Кавалеўскі, відавочна, штучны кадр, там такіх людзей няшмат. З ягонымі кампетэнцыямі, магчымасцямі, досведам – гэта страта. З прафесійнага пункту гледжання гэта моцная фігура, і замяніць такую фігуру цяжка. Астапенка таксама дасведчаны дыпламат. У якой ступені ён будзе выконваць усе абавязкі Кавалеўскага, як ён іх будзе выконваць, паглядзім. У яго таксама ёсць кампетэнцыі».
Аляксандр Фрыдман не выключыў, што адстаўка Кавалеўскага звязаная са скандалам вакол пашпартнага праекту, аднак адзначыў: момант для такога кроку выбраны цудоўны.
«Калі б Кавалеўскага зрабілі адказным за гэты скандал, тады б скандал атрымаўся больш моцны, больш гучны. Цяпер момант досыць удалы для такой адстаўкі ў тым сэнсе, што летам людзі куды менш цікавяцца палітыкаю, адпачываюць, таму, мяркую, напрыканцы тыдня адстаўка адыдзе з парадку дня», – падсумаваў эксперт.
«Для мяне гэта быў шок. Я не чакала такога», – прызналася ў размове з «Белсатам» кандыдатка гістарычных навук, лідарка аб’яднання «Наша справа» ў Каардынацыйнай радзе Роза Турарбекава. Яна працавала разам з Валерам Кавалеўскім, рыхтуючыся да міжнародных перамоваў, да кантактаў, звязаных са стратэгічным дыялогам з ЗША:
«Я бачыла, як міжнародныя партнёры ставіліся да яго: ставіліся вельмі добра, яго вельмі паважалі. Ён адмысловец высокага ўзроўню. Ён працаваў перамоўнікам яшчэ ў МЗС Беларусі. Чаму так здарылася, не ведаю, версіяў няма».
Турарбекава таксама назвала заяву Кавалеўскага пра адстаўку тыпова дыпламатычнаю:
«Ён яшчэ і наш выпускнік факультэту міжнародных стасункаў БДУ. Гэта нашая такая дыпламатычная субкультура: калі ты сыходзіш, каб не нашкодзіць агульнай справе, нічога не каментаваць. Можа, потым, калі будзе пісаць мемуары, тады мы даведаемся, у чым рэч».
Экспертка выказала надзею, што дыпламат «праз пэўны час вернецца ў іншай якасці».
«Ён на высокім узроўні выконваў свае абавязкі, працаваў інтэнсіўна. Ён быў на сваім месцы. Ведаю дакладна, што міжнародныя партнёры паважалі яго за прафесіяналізм, і ён прасоўваў беларускія інтарэсы, напрыклад, у стратэгічным дыялогу з ЗША. Мне вельмі шкада. Я спачуваю нам усім, бо мы страцілі вельмі важную асобу», – рэзюмавала Роза Турарбекава.
«Сістэма супраціву лукашысцкай дыктатуры перажывае няпростыя часы», – напісаў сузаснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак у сваім Telegram-канале пра адстаўку Кавалеўскага.
Праваабаронца звярнуў увагу, што ў Пераходным кабінеце «не закрытыя ключавыя пазіцыі Міністэрства эканомікі і МЗС: «На жаль, чаргі на гэтыя пазіцыі таксама не бачу. А дыстанцыя яшчэ вельмі доўгая, і фініш вельмі далёкі».
Стрыжак не выключае, што Кабінет зазнае новыя страты:
«Фармулёўка, з якой сыходзіць Валер, датычыць, на жаль, не толькі яго, ёсць і іншыя складанасці. Не буду вангаваць, але ж адстаўка ў АПК можа быць і не апошняя».