Новыя восем фігурак мішак з’явіліся на вуліцах Беластока — гэта працяг праекта Białystok WidziMisie беларуса Лукаша Леанюка. Сродкі на рэалізацыю ідэі ён атрымаў з гарадскога бюджэту.
Першыя восем мядзведзікаў з’явіліся ў Беластоку ў 2021 годзе дзякуючы Лукашу Леанюку — прадстаўніку беларускай меншасці Падляшша. Увасобіць задумку ў жыццё Лукаш змог дзякуючы падтрымцы з беластоцкага бюджэту грамадзянскага ўдзелу. Гэта спецыяльная частка бюджэту горада, якую можна накіроўваць на розныя праекты, якія палічаць важнымі жыхары. Любы ахвотны можа падаць заяўку, а камісія абірае пераможцаў. Горад вылучае на гэта фінансаванне.
У 2018 годзе за праект беларуса прагаласавалі 630 беластачан. А праз пяць гадоў працяг праекта Лукаша падтрымала амаль 7 тыс. чалавек. На новыя восем мішак беларус атрымаў 108 тыс. злотых. Фігуркі рабіў у Кракаве мастак Даміян Куцаба. Такім чынам, сёння ў горадзе ўжо 16 мядзведзікаў.
У кожнага мядзведзіка ёсць імя, звязанае з месцам, дзе ён усталяваны. У чэрвені з’явіліся мішка-мафіёзі на Млыновай каля вадапойкі, мішка-кінаман каля Kino Forum, мішка-скульптар каля музея скульптуры, мішка-гандляр пры краме ў Баярах, мішка-пажарны пры пажарнай службе на Варшаўскай, мішка-купідон пры палацы шлюбаў, мішка з марыянеткамі пры тэатры лялек і мішка Баярскі пры галерэі фатаграфіі.
— Мы і далей будзем працягваць гэтую ідэю з мішкамі. Людзям падабаецца. Ужо ў гэтым годзе складаю чарговую заяўку ў грамадскі бюджэт Беластока. Плануюцца чарговыя восем мішак. Напрыклад, мішка-футбаліст пры гарадскім стадыёне, — расказаў MOST Лукаш Леанюк.
Ён адзначае, што пад канец чэрвеня ў Беластоку зробяць і спецыяльную турыстычную мапу з мішкамі Białystok WidziMisie. Над ёй працуюць стваральнікі мапы «Беларускія сляды Беластока».
Мядзведзікі — сімвал Падляшша?
Лукаш тлумачыць, чаму загарэўся ідэяй, каб на вуліцах Беластока з’явіліся менавіта мішкі:
— У Польшчы ёсць легенда, такі кпін, — на Падляшшы, у Беластоку і іншых месцах Беласточчыны, так холадна, што тут ужо белыя мядзведзі ходзяць па вуліцах і ядуць людзей. Мне хацелася візуалізаваць гэты стэрэатып, каб беластачане пасмяяліся з сябе. Калі чалавек сам з сябе смяецца, то іншым ужо смяяцца не хочацца. У гэтым ёсць крыху тэрапеўтычнага сэнсу, каб падбадзёрыць жыхароў, што мы супер: «Белыя мядзведзі? Ну окей, то маем белых мядзведзяў!»