«Што з ёй адбудзецца, калі Пуцін пераможа?»
Пад час вялікіх дэбатаў у студыі CNN Дональд Трамп і Джо Байдэн закранулі тэму вайны ва Украіне.
У сваёй прамове Трамп заявіў, што «Украіна страчвае вельмі шмат салдат на полі бою, забірае ў ЗША шмат сродкаў» і што Расія перамагае ў вайне. Палітык сказаў, «што вайны б не было, калі б Пуцін паважаў Байдэна», і зноў нагадаў пра свой план хутка скончыць канфлікт адразу пасля перамогі на выбарах, «нават не заходзячы ў Белы Дом».
Пры гэтым Трамп назваў нядаўнія мірныя прапановы Пуціна «непрымальнымі для ЗША». І дапусціў, што Расія захопіць усю Украіну.
У адказ на гэта Байдэн абвінаваціў Трампа «у правакаванні Трэцяй сусветнай вайны, якая можа пачацца з захопу Кіева Расіяй», а таксама ў тым, што «Трамп збіраецца вывесці ЗША з НАТА».
Байдэн адзначыў, што «Расія на адной Украіне не спынецца» і што «вайна распаўсюдзіцца на іншыя краіны і нават на ўвесь свет», згадаўшы пры гэтым Беларусь.
«Пуцін — ваенны злачынец, ён загубіў тысячы людзей. І ён сцвярджае, што хацеў бы аднавіць савецкую імперыю. Яму не патрэбная частка Украіны, яму патрэбная ўся Украіна. Ён не спыніцца там, калі захопіць Украіну. Што адбудзецца з Польшчай, Беларуссю, з краінамі НАТА? Трэба разумець, на што ён разлічвае», — заявіў падчас дэбатаў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.
Потым Байдэн яшчэ раз падкрэсліў, што «ў выпадку перамогі Расіі тая будзе пагражаць Беларусі».