27 чэрвеня 2024 года ў Варшаве, у Google for Startups Campus, упершыню ўручалі прэмію імя Кшыштафа Міхальскага для беларускіх журналістаў у выгнанні. Яна была заснаваная ў канцы 2023 года.
Хто атрымаў прэмію
Узнагароду ў намінацыі «Журналісцкае раследванне» атрымаў галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка за матэрыял ««Агент на удаленке». Как Сергей Васильев сбежал от КГБ в Польшу, а потом вернулся и сел на 11 лет».
Лаўрэатам у намінацыі «Будучыя таленты» (для аўтараў да 30 гадоў, якія маюць за плячыма не менш за год працы ў журналістыцы) названая Алена Кавальчук з матэрыялам «Гродно 2023: как репрессии изменили культуру и общество».
Прэмію ў намінацыі «Аналітычная журналістыка» атрымаў Аляксей Марцінкевіч за тэкст «Повлияет ли снятие санкций с беларусских калийных удобрений на мировой голод? Кто продвигает этот нарратив в ООН?».
— Хацелася б, каб не было патрэбы ў такой прэміі для беларускіх журналістаў у выгнанні, каб мы былі не ў выгнанні, каб не было 38 палітзняволеных журналістаў у беларускіх турмах. Але маем, што маем. Таму беларускія журналісты робяць, што могуць, — фіксуюць рэчаіснасць і спадзяюцца, што гэта прывядзе да змен, — адзначыла на цырымоніі ўзнагароджання Алена Кавальчук.
Насамрэч праект, за які Алена Кавальчук атрымала ўзнагароду, уяўляў сабой серыю матэрыялаў з васьмі тэкстаў, аб’яднаных адной ідэяй. Штотыдня друкаваўся адзін тэкст, у якім аўтарка раскрывала адзін з аспектаў — музыку, тэатры, інвестыцыі ў спадчыну, чорныя спісы супрацоўнікаў, адукацыю. Праца над праектам заняла два месяцы.
Фёдар Паўлючэнка атрымаў прэмію за калектыўнае расследаванне пра журналістку «Белсата» Кацярыну Андрэеву. Аўтары Reform.news вывучалі прычыны, па якіх дзяўчыну другі раз кінулі ў турму.
— У выніку мы высветлілі, што другі прысуд можа быць звязаны з інтэрв’ю, якое журналістка Кацярына Андрэева брала ў былога агента КДБ, — адзначыў у каментары БАЖ Фёдар Паўлючэнка.
На цырымоніі ўручэння лаўрэаты яшчэ раз падкрэслівалі, што Беларусь і «беларуская праблема» паціху сыходзяць з фокуса ўвагі сусветнай супольнасці.
— Аднак ва ўмовах жахлівай, страшнай сітуацыі з беларускімі медыямі (частка журналістаў знаходзіцца ў турмах Беларусі, а большая частка журналістаў вымушаная была з’ехаць з краіны) заснавальнікі прэміі вырашылі падтрымаць журналістаў у выгнанні, — кажа суразмоўца.
На жаль, з’яўленне такой узнагароды сведчыць пра тое, што «сітуацыя можа зацягнуцца надоўга».
— Самі арганізатары прызналі, што назва прэміі, можа, і не самая ўдалая: усе мы спадзяемся, што сітуацыя ўсё-такі палепшыцца, што гэтую прэмію можна будзе даваць не толькі беларускім журналістам у выгнанні, але і незалежным беларускім журналістам увогуле, — падкрэслівае Фёдар Паўлючэнка.
Што за прэмія Кшыштафа Міхальскага?
Кшыштаф Міхальскі — польскі філосаф, які адркрыў у Вене ў 1982 годзе Інстытут гуманітарных навук. Менавіта гэты інстытут разам з амбасадай Аўстрыі ў Польшы заснавалі ў лістападзе 2023 года прэмію імя Кшыштафа Міхальскага.
Агульны прызавы фонд прэміі складае 30 000 еўра (па 10 000 еўра пераможцу ў кожнай намінацыі). Спонсар узнагароды — аўстрыйская будаўнічая фірма STRABAG SE.