Сербскім уладам неабходна неадкладна спыніць працэс экстрадыцыі беларускага рэжысёра Андрэя Гнета, гаворыцца ў заяве дырэктара Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразэрс.
Яна нагадала аб працяглых сур’ёзных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі і відавочных рызыках, “якім падвергнецца Андрэй Гнет у выпадку вяртання туды”.
Абвінавачанні супраць Гнета, падкрэсліла прадстаўнік арганізацыі, палітычна матываваныя: “Ніводзін чалавек, які займаецца крытыкай беларускіх уладаў, ні пры якіх абставінах не павінен быць перададзены адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Катаванні, прыніжэнні, запалохванні, несправядлівыя судовыя працэсы і працяглыя турэмныя тэрміны — гэта агульнавядомыя метады, якія беларускія ўлады выкарыстоўваюцца для помсты сваім апанентам”.
“У адпаведнасці з міжнародным правам, якое забараняе катаванні і бесчалавечнае абыходжанне” Сербія павінна даць абарону Гнету, лічыць Стразэрс.
“Мы заклікаем сербскі ўрад забяспечыць яго бяспеку і свабоду”, — дадала яна.
41-гадовы Гнет — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Працаваў з вядомымі брэндамі, сярод якіх МТС, Mark Formelle, “Бульбаш”, “Аліварыя”, “Спартак”, “Беллакт”, World of Tanks.
Быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку па запыце беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнета ў Беларусь для крымінальнага пераследу.
31 траўня Вышэйшы суд у Бялградзе зноў пастанавіў, што патрабаванне выдаць Гнета Беларусі законнае. 18 чэрвеня была пададзена апеляцыя.
За Гнета заступіліся дэмакратычныя сілы, прадстаўнікі дыяспар, беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, Еўразвяз, сітуацыя з ім абмяркоўвалася з уладамі ЗША.
pozirk.online