У Чарнігаве ўсталявалі мэмарыяльную дошку Кастусю Каліноўскаму

Ілюстрацыйнае фота. Фота Кастуся Каліноўскага з Нацыянальнага музэю ў Вільні

У Чарнігаве на вуліцы Кастуся Каліноўскага ўсталявалі мэмарыяльную дошку ў гонар кіраўніка паўстаньня 1863 году на доме, у які трапіў снарад у пачатку сакавіка 2022 году падчас расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, паведамляе чарнігаўскі партал 0462.ua.

Вуліца, на якой ушанавалі памяць Кастуся Каліноўскага, раней насіла назву дзеяча часоў Другой сусьветнай вайны Сьмірнова. Перайменавалі яе ў гонар Каліноўскага ў 2024 годзе.

Усталяваньне і выраб мэмарыяльнай табліцы ініцыяваў дабрачынны фонд «Вільна Білорусь». 20 чэрвеня фонд паведамляў, што адпаведнае рашэньне зацьвердзіў выканкам Чарнігаўскай гарадзкой рады.

Сёлета ў красавіку дэпутаты Адэскай гарадзкой рады прагаласавалі за зьмены назваў звыш сотні вуліц. Вуліцу Беларускую перайменавалі ў вуліцу Кастуся Каліноўскага, як і прасіў фонд «Вільна Білорусь».

Раней ва ўкраінскіх гарадах таксама зьявіліся вуліцы Міхаіла Жызьнеўскага, Аляксея Скоблі, Ліцьвіна, якія загінулі ва Украіне. Вуліца Ліцьвіна зьявілася ў горадзе Буча Кіеўскай вобласьці на пачатку 2023 год

  • З пачатку расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, ва Ўкраіне ва ўсіх населеных пунктах адбываецца замена беларускай і расейскай тапанімікі, створанай яшчэ ў савецкія часы.
  • У той жа час ва ўкраінскіх гарадах пачалі зьяўляцца вуліцы ў гонар беларусаў, якія загінулі ва Ўкраіне, а таксама беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага (1838–1864), першага беларускага рэвалюцыянэра.
  • У Беларусі ўлады тым часам пазбаўляюцца назваў, зьвязаных з Каліноўскім. Так, у сьнежні 2023 году ў Сьвіслачы перайменавалі гімназію Каліноўскага — цяпер гэтая ўстанова адукацыі носіць імя савецкай падпольшчыцы Васіленкі. Цяпер хочуць перайменаваць вуліцу Каліноўскага ў Менску.
  • Імя Кастуся Каліноўскага носіць асобнае падразьдзяленьне, што складаецца з грамадзян Беларусі, якое ўвайшло ў склад Узброеных сіл Украіны.

svaboda.org