Спадар Леанід дапамагаў жыхарам рэгіёна прававымі і юрыдычнымі парадамі, спрыяў развіццю незалежнага друку на Віцебшчыне. У розны час быў выдаўцом і рэдактарам некалькіх інтэрнэт-СМІ. У 2021 годзе быў вымушаны пакінуць Беларусь праз пагрозу крымінальнага пераследу.
Некаторы час Леанід Свецік жыў ва Украіне, потым пераехаў у Польшчу. У Варшаве працягваў займацца праваабарончай і рэдактарскай дзейнасцю.
Цягам апошніх гадоў Леанід пакутаваў на гіпертанію, але імкнуўся сачыць за сваім станам, рэгулярна прымаў лекі. Здароўе іншым разам падводзіла — здараліся рэзкія скачкі артэрыяльнага ціску. Так атрымалася і ў той дзень, калі яго не стала, падвышэнне ціску стала фатальным. Хуткая дапамога, якая прыехала ў лічаныя хвіліны пасля выкліку, спрабавала выратаваць ягонае жыццё, але магчымасці лекараў не бязмежныя…
Леаніду Свеціку было 59 гадоў. Апошнія 15 з іх ён цесна супрацоўнічаў з журналістамі па пытаннях праваабароны. А яшчэ Леанід пісаў вершы, якіх шмат засталося ў рукапісах і камп’ютарных нататках.
Сябры і калегі выказваюць самыя шчырыя спачуванні родным Леаніда Свеціка — жонцы, дачцэ, сыну і ўсім сваякам.