Валер Кавалеўскі растлумачыў адыход з Аб’яднанага пераходнага кабінету супярэчнасцямі з абранай прэзідэнткай Святланай Ціханоўскай. У каментары выданню «DW Беларусь» дыпламат сказаў, што побач з лідаркай маюць быць «асобы, якія цалкам падзяляюць ейныя падыходы», таму ён і пастанавіў падаць у адстаўку.
26 чэрвеня Валер Кавалеўскі абвясціў пра адстаўку з пасады прадстаўніка Пераходнага кабінету ў міжнародных справах. У публікацыі ў Facebook ён згадаў пэўныя «разыходжанні ў стратэгічным бачанні», аднак падрабязна прычынаў не тлумачыў.
У каментары выданню «DW Беларусь» дыпламат сказаў, што галоўнай тэмаю для дэмакратычнага руху, якая таксама датычыць ягонай адстаўкі, лічыць працу з беларусамі як у эміграцыі, гэтак і ўнутры Беларусі.
«Цяпер ёсць такі больш выразны акцэнт на міжнародную працу. Але я лічу, што перамены ў Беларусі магчымыя толькі рукамі, сэрцамі і намаганнямі беларусаў, таму галоўнае намаганне дэмакратычнага руху мусіць быць накіраванае менавіта на працу з беларусамі», – падкрэсліў Кавалеўскі.
Ён запэўніў, што аніякіх канфліктаў ні ў Кабінеце, ні з Офісам у яго не было:
«У нас былі абмеркаванні, былі прапановы маіх пазіцыяў, што датычылі вонкавай палітычнай працы, як стратэгіі, гэтак і тактыкі. Нешта знайшло прыняцце, нешта – не знайшло. Зрэшты, я лічу, што кіраўніца Кабінету і лідарка беларускага дэмакратычнага руху Святлана Ціханоўская мусіць мець побач тых асобаў, якія цалкам падзяляюць ейныя падыходы. Таму я і прыйшоў да такой пастановы».
Кавалеўскі пры гэтым адмаўляе, што падаў у адстаўку з увагі на праблемы з праектам пашпарта «Новай Беларусі»:
«Пашпартны праект – гэта толькі адзін з кірункаў, дзе я працаваў. Калі казаць аб тым, што поспехі або няўдачы, адсутнасць выразнага прагрэсу ў пашпартным праекце магло стаць прычынаю майго адыходу, то, вядома, не. Пагатоў пашпартны праект будзе працягнуты. Гэта вельмі важная ініцыятыва, яна мае шанцы рухацца далей».
Ціханоўская аніяк не пракаментавала адстаўку Кавалеўскага. Абраная прэзідэнтка толькі падзякавала яму за працу і прызначыла дыпламата Уладзіміра Астапенку выканальнікам абавязкаў прадстаўніка ў міжнародных справах Кабінету. Як сказала «Белсату» прэс-сакратарка Ціханоўскай Ганна Красуліна, «Кабінет выйшаў менавіта з такой заяваю, сказалі тое, што палічылі патрэбным».